Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад вырашае, чым кампэнсаваць рост цэнаў на энэрганосьбіты


Валер Каліноўскі, Менск На 23 студзеня заплянаваная ўрадавая нарада з удзелам Аляксандра Лукашэнкі, на якой маюць агучыць прапановы ўраду дзеля мінімізацыі нэгатыўных наступстваў сёлетняга падвышэньня кошту газу і нафты для беларускай эканомікі. Нарада пройдзе на наваполацкім нафтаперапрацоўчым аб’яднаньні “Нафтан”.

У Мінэканомікі пацьвердзілі, што захады дзеля мінімізацыі нэгатыўных наступстваў падвышэньня коштаў газу і нафты для беларускай эканомікі актыўна рыхтуюцца, але падрабязнасьці паведаміць адмовіліся.

Адразу пасьля падпісаньня кантракту на пастаўкі расейскага газу віцэ-прэм’ер Уладзімер Сямашка казаў пра тое, што кошт газу для прадпрыемстваў складзе 150 даляраў за тысячу кубамэтраў. Цяпер зьявілася інфармацыя, што ўрад здолеў за кошт скарачэньня нацэнак і выдаткаў “Белтрансгазу” і “Белпалівагазу” зьнізіць цану газу для спажыўцоў да 120,3 даляра.

Урад зьбіраецца таксама аптымізаваць рост коштаў на электраэнэргію і цяпло — найперш дзякуючы абмежаваньням у росьце заробкаў і нерацыянальных выдаткаў у энэргетычнай галіне. Прадпрыемствам, у якіх высокая доля энэрганосьбітаў у сабекошце, урад зьбіраецца прапанаваць пэўныя льготы. Улады ўжо пагадзіліся на прапановы беларускіх НПЗ і кардынальна (больш як у два разы) зьменшылі акцызы на бэнзін, які рэалізуецца на беларускім рынку. Калі раней 95-ты бэнзін абкладаўся акцызам 989 тысяч рублёў на тону, то цяпер — толькі 395.

Але нягледзячы на эканомію, аптымізацыю выдаткаў і льготы многім беларускім прадпрыемствам будзе цяжка адаптавацца да новых коштаў на энэрганосьбіты, перакананы незалежны эканаміст Леанід Заіка. На ягоную думку, найлепей адаптуюцца хатнія гаспадаркі й прыватныя прадпрыемствы, якія могуць мяняць намэнклятуру вытворчасьці, зьмяншаць затраты, адмаўляюцца ад лішніх плошчаў.

Заіка: “У Беларусі ж 75 адсоткаў — гэта буйныя і сярэднія дзяржаўныя прадпрыемствы, пабудаваныя ў час сацыялізму, што маюць вялікія плошчы, цэхі вышынёй 10—15 мэтраў, якія трэба ацяпляць”.

На думку спадара Заікі, дзяржаўныя прадпрыемствы будуць дамагацца падтрымкі з боку ўраду, танных крэдытаў і сьпісаньня даўгоў:

Заіка: “Савецкая мадэль эканомікі кепска адаптуецца”.

Беларускі ўрад, на думку спадара Заікі, цяпер займаецца “мабілізацыйнай эканомікай”, каб зьберагчы вытворчыя паказчыкі й працоўныя месцы. Але нягледзячы на гэтыя намаганьні Леанід Заіка прагназуе, што каля 15% беларускіх прадпрыемстваў бліжэйшым часам патрапяць у складанае фінансавае становішча і ня змогуць плаціць паводле рахункаў. Яшчэ каля 15% прадпрыемстваў будуць мець недастатковую рэнтабэльнасьць — на ўзроўні да 5%.

Паводле спадара Заікі, пакуль урад мае пэўныя сродкі для кампэнсацыі росту кошту энэрганосьбітаў: фонд стабілізацыі, іншыя назапашаныя рэсурсы, потым на кампэнсацыю пойдуць інвэстыцыйныя сродкі, замарозіцца рост заробкаў:

Заіка: “Калі пачнецца абмежаваньне росту заробкаў на ўзроўні 3—5% на год, а інфляцыя ўжо будзе адсоткаў дзесяць, і пры гэтым яшчэ будзе рост камунальных паслугаў, — тады настане цікавы момант ва ўсьведамленьні сытуацыі тысячамі і дзясяткамі тысяч людзей”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG