Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Туркмэністан: ўпершыню на выбарах міжнародныя назіральнікі


Радыё Свабода Кіраўніцтва Туркмэністану пагадзілася дапусьціць на маючыя адбыцца 11 лютага прэзыдэнцкія выбары міжнародных назіральнікаў, паведамляе РИА Новости.

Як заявіў на паседжаньні кабінэту міністраў краіны кіраўнік МУС Рашыд Мерэдаў, дамоўленасьці наконт дэлегаваньня назіральнікаў былі дасягнутыя з прадстаўнікамі АБСЭ і шэрагам іншых аўтарытэтных міжнародных арганізацый.

У часы кіраваньня прэзыдэнта Сапармурата Ніязава для кантролю за правядзеньнем выбараў усіх узроўняў у краіну не дапускалі замежных назіральнікаў. Фармальна кантроль ажыцьцяўлялі прадстаўнікі Туркмэнскага нацыянальнага інстытуту правоў чалавека, адзінай у краіне Дэмакратычнай партыі ды іншых грамадзкіх арганізацыяў.

За хадой цяперашніх выбараў будуць назіраць і мясцовыя назіральнікі. Цэнтральная камісія ў справе правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў зацьвердзіла сьпіс нацыянальных назіральнікаў, якія будуць ажыцьцяўляць поўны маніторынг усіх этапаў выбарчага працэсу.

На выбарчых участках будуць усталяваныя празрыстыя скрыні для галасаваньня.

Выбары ў Туркмэністане былі прызначаныя ў сувязі з раптоўнай сьмерцю ў сьнежні летась першага і пажыцьцёвага прэзыдэнта краіны Сапармурата Ніязава. На пасаду кіраўніка краіны прэтэндуюць шасьцёра кандыдатаў, у тым ліку часовы выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Гурбангулы Бердымухамэдаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG