Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуска-расейскі канфлікт выклікаў рост цэнаў на жыльлё


Ганна Соўсь, Менск З новага году сярэдняя цана за квадратны мэтар жыльля ў Менску павялічылася да 1225 даляраў. Калі ў сьнежні “аднапакаёўка” ў сталіцы каштавала каля 42-45 тысячаў даляраў, то цяпер яе цана падрасла да 50 тысячаў. Менскія рыэлтэры зьвязваюць рост цэнаў з расейска-беларускім энэргетычным канфліктам і не выключаюць далейшага падвышэньня цэнаў – да 50 працэнтаў да канца году.

Як сьведчаць агенцтвы нерухомасьці, у новым годзе істотна падаражалі найперш аднапакаёвыя кватэры, аднак цэны растуць і на двух- трохпакаёўкі. Паводле дадзеных беларускага штотыднёвіка “Недвижимость для всех", у сярэднім цана аднаго квадратнага мэтра на 9 студзеня склала 1225 даляраў.

Менскі рыэлтэр Ларыса кажа пра ажыятажны попыт на кватэры ў Менску напярэдадні Новага году і пасьля яго.

Рыэлтэр: “Аднапакаёвая кватэра каштуе цяпер у сярэднім 50 тысячаў даляраў”.

Карэспандэнтка: “З чым Вы гэта зьвязваеце?”

Рыэлтэр: “Думаю, найперш тут адыграла ролю палітыка-эканамічная сытуацыя”.

Карэспандэнтка: “Маеце на ўвазе нафтавыя і газавыя перамовы?”

Рыэлтэр: “Так. Усе кінуліся пакупаць кватэры. Іх расхапалі. Наступныя пайшлі ўжо па больш высокіх цэнах. Усе хацелі вырашыць пытаньне да новага году. Пакупнікоў, людзей з грашыма было вельмі шмат. Казалі, што невядома, чым усё закончыцца, што будзе з цэнамі надалей, таму лепш вырашыць пытаньне да новага году і сядзець спакойна. І цяпер гэта працягваецца. Як цэны расьлі, так і працягваюць расьці”.

Карэспандэнтка: “Ці забясьпечаны попыт на кватэры?”

Рыэлтэр: “Напэўна, пакуль не. Плюс яшчэ долевыя дамовы не заключаюцца. Будаўнічыя фірмы сядзяць і чакаюць, што ж ім рабіць у гэтай сытуацыі. Атрымліваецца, попыт усё роўна вышэй за прапанову на сёньняшні дзень”.

Старшыня савету Асацыяцыі беларускай нерухомасьці Мікалай Прасталупаў зьвяртае ўвагу на наступную тэндэнцыю.

Прасталупаў: “Колькасьць выстаўленых на продаж кватэраў у Менску ўвесь час памяншаецца. Цяпер іх колькасьць удвая меншая, чым паўгода таму. Калі прапановаў становіцца меней, цэны растуць пры сталым попыце. У Менску вельмі мала будуюць жыльля – катэгарычна недастаткова для вырашэньня жыльлёвай праблемы нашых грамадзянаў. Апошнія тры гады будуюць утрая меней, чым патрэбна”.

Рыэлтэры не выключаюць, што да канца году цана на квадратны мэтар у Менску павялічыцца яшчэ на 50 працэнтаў. Што да больш канкрэтных прагнозаў...

Рыэлтар: “Мы вырашылі ўсе разам, што пакуль прагнозаў даваць ня будзем. Таму што можа здарыцца і абвал. Натуральна, ён ня будзе жорсткім і рэзкім, а будзе паступовым, як 7-8 гадоў таму”.

У 2002 годзе адзін квадратны мэтар жыльля ў Менску каштаваў 325 даляраў, у 2003 – 378 даляраў, праз год ужо 520 даляраў, у 2005 – 680 даляраў, а летась – 1034 даляры.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG