Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне: як паўплывае энэргетычны канфлікт на вашае асабістае жыцьцё?


Галіна Абакунчык, Менск Як паўплывае энэргетычны канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй на вашае асабістае жыцьцё? Гэтае пытаньне менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

Спадарыня: “Для мяне гэтае пытаньне вельмі хваравітае. Я прапрацавала ў сыстэме газу больш за 30 гадоў. І я лічу, што ўсё павінна стабілізавацца. І спадзяюся, што так будзе, гэта ўсё не паўплывае на нашыя настроі і матэрыяльны дабрабыт”.

Спадар: “Я лічу, што ніякага энэргетычнага крызісу няма, што ён створаны штучна. Што Расея і Беларусь тут не вінаватыя, а вінаватыя алігархі”.

Карэспандэнтка: “Як паўплывае энэргетычны канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй на вашае асабістае жыцьцё?”

Спадар: “Элемэнтарна: усё даражэйшым стане, а заробкі на месцы застануцца”.

Спадарыня: “Кошты ж падвысяцца на ўсё, на квартплату. Канечне ж, гэта непрыемна. Але што зробіш? Выкруцімся як-небудзь”.

Спадар: “Паўплывае. Я там працую і нават ня ведаю, чым усё гэта скончыцца для мяне”.

Спадарыня: “Я лічу, што ён не ўплывае. Вось сёньня нешта там раскапалі, дык няма газу. А так, думаю, дзяржаўныя ўлады ўсё ўрэгулююць”.

Спадар: “Я думаю, што паўплывае і на маё асабістае жыцьцё, і на жыцьцё многіх нашых суайчыньнікаў. Так проста, незаўважна гэта ня можа прайсьці. Штосьці непрыемнае ўсё роўна здарыцца. Думаю, што дабрабыт нашых людзей крыху пагоршыцца”.

Карэспандэнтка: “Як паўплывае энэргетычны канфлікт паміж Беларусьсю і Расеяй на вашае асабістае жыцьцё?”

Спадарыня: “Я думаю, што інфляцыя вырасьце. Можа ня зараз, а праз паўгода, але ўсё роўна будзе ўсплёск”.

Спадар: “Больш будзем плаціць за кватэру – усё, пэўна, больш ніяк”.

Спадарыня: “Вельмі не хацелася б, каб паўплываў. Таму я стараюся не забіваць сваё галавы нейкімі непрыемнымі думкамі. Але ж мы шмат ад чаго залежым, у тым ліку ад энэрганосьбітаў. А зь іншага боку, трэба ж неяк жыць, гадаваць дзяцей і з аптымізмам глядзець на гэтае жыцьцё”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG