Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкія інсталяцыі ў Менску


Севярын Квяткоўскі, Менск У “Музэі сучаснага выяўленчага мастацтва” адкрылася выстава швэдзкіх відэаінсталяцыяў. “Шахматы”(Магнуса Бэртаса і Зьміцера Плакса і “Грошык за твае думкі” Дрора Файлера і Гунілы Шольд Файлер. Таксама ў межах праекту ад Швэдзкага інстытуту і Швэдзкай амбасады ахвочыя змогуць пачуць швэдзкі фры-джаз і беларускую шумавую музыку.

Фонам адкрыцьця сталіся гукі відэаінсталяцыі “Грошык за твае думкі” аўтарства Дрора Файлера і Гунілы Шольд Файлер: на экране то застывае, то рухаецца выява – сцэнка на адной з швэдзкіх вуліц. У кадры сілуэты то адной, то трох дзяўчат. Кадры суправаджаюцца англамоўным тэкстам. “Гэта могуць быць думкі дзяўчат з выявы, вашыя думкі, ці думкі кагосьці іншага”, – патлумачыла прысутным адна з аўтарак Гунілы Шольд Файлер.

Зь вітальным словам выступіў амбасадар Швэцыі ў Беларусі Стэфан Эрыксан, які прамаўляў па-беларуску без паперкі:

Эрыксан: “Паважанае спадарства, мы імкнемся дэманстраваць розныя культурныя зьявы. Я спадзяюся, што вам гэта будзе цікава. Я даю слова ініцыятару гэтага праекту, “масту” культурнага супрацоўніцтва між Швэцыяй і Беларусьсю Зьмітру Плаксу”.

Зьміцер Плакс – мастак і літаратар, які стала жыве ў Швэцыі, і часам прывозіць у Беларусь разнастайныя культурніцкія праекты – спэктаклі, выставы, гэтым разам – відэаінсталяцыі:

Плакс: “Са свайго боку я заўсёды сыходжу з таго, што калі мяне запрашаюць, і ёсьць цікавасьць да таго, што я раблю, я вельмі рады. Чым я магу дапамагчы, каго я магу прывесьці – гэта я раблю”.

20 студзеня там жа ў памяшканьні “Музэю сучаснага выяўленчага мастацтва" а 14-й гадзіне Зьміцер Плакс прапануе ахвочым сэмінар пад назвай “Прынцып няпэўнасьці і мастацтва інсталяцыі”. Таксама ў суботу 20 студзеня – а 18.00 – у клюбе “Стэп” пройдзе сумесны Музычна-тэкставы перформанс "Спёка" з удзелам Зьмітра Плакса, гурту “Drum Ecstasy” і швэдзкага кампазытара і выканаўцы фры-джазу Дрора Файлера.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG