Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн: "Давайце пачнем з вызваленьня палітвязьняў"


Валер Каліноўскі, Менск Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн па выніках сваіх перамоў і сустрэч зь беларускімі ўладамі, прадстаўнікамі апазыцыі заклікаў беларускія ўлады ў якасьці першага кроку да ўсталяваньня дыялёгу вызваліць палітычных вязьняў.

Прэзыдэнт ПАРЭ Рэнэ ван дэр Ліндэн зазначыў, што ня вёў нейкіх адмысловых перамоў з уладамі наконт супрацоўніцтва. Ён акрэсьліў сваю місію як жаданьне паказаць гатовасьць Рады Эўропы да дыялёгу на пэўных умовах і не абвясьціў плянаў працягу размоў зь беларускімі ўладамі, азначыўшы толькі, што гэта залежыць ад дзеяньняў афіцыйнага Менску.

Спадар ван дэр Ліндэн у якасьці адной з шасьці перадумоў свайго прыезду ў Беларусь выказаў просьбу наведаць у турме палітзьняволенага Аляксандра Казуліна. Аднак беларускія ўлады яму адмовілі. Адначасна й сам спадар ван дэр Ліндэн адмовіўся ад прапанаванай яму сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Ван дэр Ліндэн: “Таму што гэта першы візыт, візыт на парлямэнцкім узроўні. Я не выключаю, што наступным разам, калі мы пабачым рэальныя пазытыўныя крокі Менску, будзе магчыма сустрэцца й са спадаром прэзыдэнтам”.

Першым такім захадам, якога чакае спадар ван дэр Ліндэн ад беларускіх уладаў, зьяўляецца неадкладнае вызваленьне палітвязьняў.

Ван дэр Ліндэн: “Давайце пачнем з вызваленьня палітычных вязьняў. Калі ёсьць спрэчка, ці зьяўляюцца тыя ці іншыя асобы палітвязьнямі, – давайце паклічам міжнародных экспэртаў, запросім іх і прымем высновы іх місіі па высьвятленьні фактаў”.

Спадар ван дэр Ліндэн паведаміў журналістам пра зьмест сваёй сёньняшняй размовы з жонкай палітзьняволенага Аляксандра Казуліна -- Ірынай Казулінай.

Ван дэр Ліндэн: “Я выказаў маю салідарнасьць ня толькі на адрас спадара Казуліна, але і ўсім палітзьняволеным. Я перакананы, што ўсіх павінна непакоіць, каб стан ягонага здароўя надалей быў здавальняльным”.

Прэзыдэнт ПАРЭ папрасіў нямецкага амбасадара ў Менску, каб той дамогся бліжэйшым часам сустрэчы з Аляксадрам Казуліным і зьвярнуўся дзеля спрыяньня ў гэтай справе да сьпікера Палаты прадстаўнікоў Уладзімера Канаплёва.

Рэнэ ван дэр Ліндэн заявіў таксама, што гаварыў зь беларускімі ўладамі наконт спраў зьніклых беларускіх палітыкаў, уціску незалежных СМІ і патрэбы дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Але як палітык ён разумее: “нельга краіну зьмяніць за адну ноч”.

Ацэньваючы сёньняшнюю размову са студэнтамі БДУ, спадар ван дэр Ліндэн заўважыў, што ў іх ёсьць жаданьне быць бліжэй да Эўропы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG