Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адбылася онлайн-канфэрэнцыя са cтаршынём ТБМ Алегам Трусавым


Радыё Свабода Сёньня на нашым сайце адбылася онлайн-канфэрэнцыя са cтаршынём Таварыства беларускай мовы Алегам Трусавым. Чытайце поўны тэкст гутаркі на старонцы нашага форуму svaboda.org/forum --> http://archive.svaboda.org/forum/Forum.aspx

Алег Трусаў нарадзіўся 7 жніўня 1954 года ў горадзе Амсьціславе Магілёўскай вобласьці. У 1976 годзе скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта. У пэрыяд з 1976 па 1992 гады працаваў у Беларускім рэстаўрацыйным праектным інстытуце загадчыкам аддзела комплексных навуковых дасьледаваньняў. У 1981 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю.

Беларускі палітычны і грамадзкі дзеяч, адзін з заснавальнікаў БНФ, БСДГ і ТБМ імя Ф.Скарыны. Прымаў удзел у абвяшчэньні дзяржаўнага сувэрэнітэту і поўнай незалежнасьці Рэспублікі Беларусь, адзін з распрацоўшчыкаў афіцыйнай выявы дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь "Пагоня", бел-чырвона-белага дзяржаўнага сьцяга Рэспублікі Беларусь і наверша да яго.

1990-1996 гады – дэпутат Вярхоўнага Савета 12 скліканьня. З 1990 па 1995 гады – намесьнік старшыні камісіі Вярхоўнага савета Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і ахове гістарычнай спадчыны. Удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў Апазыцыі БНФ 11-12 красавіка 1995 г. супраць арганізаванага Лукашэнкам рэфэрэндуму аб скасаваньні бел-чырвона-белага сьцяга, гербу “Пагоні” ў якасьці дзяржаўных сымбаляў, скасаваньня статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай мовы і эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

1996 – сакавік 1998 года – дэкан факультэта бібліятэчна-інфармацыйных сыстэмаў Беларускага ўнівэрсытэту культуры. Зараз дацэнт катэдры гісторыі Беларусі і музеязнаўства. У красавіку 1997 года абраны Рэспубліканскай Радай першым намесьнікам старшыні ТБМ. На VI зьезьдзе ТБМ 17 красавіка 1999 г. абраны старшынём Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Вядомы беларускі вучоны, мае некалькі манаграфій і больш за 150 навуковых працаў па археалёгіі і гісторыі архітэктуры. У 1990 годзе быў адным з заснавальнікаў беларускага гуманітарнага ліцэя імя Я.Коласа і зараз у ім выкладае.

Напярэдадні онлайн-канфэрэнцыі Алег Трусаў сказаў:

“Паважаныя слухачы "Радыё Свабода"!

У лістападзе мінулага года Рада Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны выступіла з ініцыятывай абвясьціць 2007 год годам беларускай мовы і літаратуры. Быў распрацаваны адпаведны зварот да кіраўніка дзяржавы і ўжо сабрана некалькі тысяч подпісаў грамадзян Беларусі. Мы разьмяшчаем блянк гэтага звароту на сайце "Свабоды", і кожны ахвотны можа прыняць удзел у гэтай акцыі.

Гэты год у Расіі Пуцін абвясьціў Годам рускай мовы, годам пашырэньня яе за межамі Расіі. І калі ў 19-м ст. руская мова перамагае разам з рускім штыком, дык зараз яна ідзе поруч з рускім газам і нафтай.

Таму я прапаную кожнаму слухачу "Радыё Свабоды" лічыць 2007 год Годам беларускай мовы і літаратуры, і хачу даць некалькі канкрэтных парад:

1) Размаўляць на тэрыторыі Беларусі пераважна па-беларуску. Выключэньне – размова з замежнікамі, якія не ведаюць беларускай мовы. Запаўняць па-беларуску любыя рускамоўныя блянкі: у падатковай інспэкцыі, на пошце, у міліцыі, банку і г.д.

2) Калі чыноўнік вам запярэчыць, спакойна, з усьмешкай патрабуйце "Кнігу скаргаў і прапаноў" і зрабіце адпаведны запіс аб парушэньні ім Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Таксама можна звярнуцца з гэтым пытаньнем у адпаведную пракуратуру.

3) Патрабуйце беларускамоўную друкаваную прадукцыю: календары, паштоўкі, буклеты, дзіцячыя кніжкі і г.д. Калі іх няма, зрабіце адпаведны запіс у "Кнізе скаргаў і прапаноў". Нікому і ніколі не навязвайце сваю мову. Нікога не прымушайце гаварыць з вамі па-беларуску. Галоўнае, самі на ёй размаўляйце ва ўсіх жыцьцёвых выпадках. І вас усе за гэта будуць паважаць, як паважаюць людзей, якія ня паляць і не злоўжываюць алькаголем.

4) Калі вашыя дзеці вучацца ў школе, каледжы ці ВНУ, напішыце ліст з прапановай у гэтым годзе, зь верасьня павялічыць колькасьць гадзін беларускай мовы (а ў школах – і літаратуры). Пры гэтым спашліцеся на выказваньне Кіраўніка дзяржавы ад 19 сьнежня 2006 года на нарадзе з рэспубліканскім саветам рэктараў ВНУ наступнага зьместу: "Трэба ведаць перадусім сваю родную мову. Дзеці ў Беларусі ўжо ўвогуле не разумеюць па тэлебачаньні перадачаў на беларускай мове, не чытаюць газэт па-беларуску!" Калі маеце грошы, падпішыце кляснага кіраўніка ці куратара студэнцкай групы, дзе вучыцца ваш сын ці дачка, на добрую беларускамоўную газэту.

5) Абавязкова прыміце ўдзел у сьвяткаваньні юбілеяў Янкі Купалы і Якуба Коласа, прачытайце зь дзецьмі і ўнукамі іх неўміручыя творы – п''есу "Тутэйшыя" і паэму "Новая зямля". Віншую Вас усіх з Калядамі і Новым годам, Годам беларускай мовы і літаратуры. Жыве Беларусь!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG