Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ініцыятыва Паўла Севярынца падтрымана раённымі ўладамі


Радыё Свабода Палітзьняволены Павал Севярынец атрымаў адказ на свой зварот у Полацкі райвыканкам. У лісьце ён прапанаваў усталяваць на замчышчы Сітна, што ў Полацкім раёне, памятны знак, правесьці там археалягічныя раскопкі і зрабіць гэтую мясьціну аб’ектам турыстычнай інфраструктуры.

У афіцыйным адказе за подпісам намесьніка старшыні райвыканкама Ўладзімера Машчыцкага паведамляецца, што такая прапанова разгледжана і падтрымана раённымі ўладамі. Замчышча наведала адмысловая камісія ў складзе намесьніка старшыні райвыканкама В. Машчыцкага, начальніка аддзелу культуры райвыканкама В. Полушкіна і старшыні Маласітненскага сельсавета Г. Івановай.

Было прынята рашэньне ўсталяваць на месцы абарончага замку Сітна памятны знак з надпісам на беларускай мове. Як паведамляецца ў лісьце, тэкст надпісу будзе ўзгоднены з адмыслоўцамі Інстытуту гісторыі Нацыянальнай Акадэміі навук і, відавочна, будзе адпавядаць гістарычнай праўдзе. У дадзены момант вывучаецца таксама магчымасьць уключэньня гістарычнага аб’екта ў турыстычны маршрут.

Сітненскі абарончы замак быў збудаваны маскавітамі за часамі Інфлянцкай вайны, пасьля захопу імі ў 1563 годзе Полацка. У 1566 годзе войскі Вялікага княства Літоўскага разбурылі ўмацаваньні, але неўзабаве маскоўскае войска іх аднавіла. Канчаткова войскі цара Івана Жахлівага былі выбіты зь Сітна ў 1579 годзе. На дадзены момант на месцы замка стаіць падабізна магільнага помніка, на якім па-расейску напісана, што тут маскоўскае войска атрымала шэраг перамог.

Павал Севярынец зьвярнуўся да раённых уладаў як кіраўнік Маласітненскай суполкі ТБМ. Асуджаны за арганізацыю акцыяў пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і рэфэрэндуму палітык вось ужо 17 месяцаў знаходзіцца ў вёсцы Малое Сітна на пасяленьні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG