Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Казулін: 300 дзён няволі


Алег Грузьдзіловіч, Менск Ірына Казуліна спадзяецца, што пачаты дыялёг Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы і ўладаў Беларусі паспрыяе хутчэйшаму вызваленьню яе мужа, што знаходзіцца ў зняволеньні ўжо 300 дзён.

19 студзеня пайшоў 300-ы дзень зьняволеньня былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, якога асудзілі на 5,5 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы ў хуліганстве і арганізацыі вулічных беспарадкаў. Якія шанцы на хуткае вызваленьне палітвязьня?

Гэтая тэма сярод іншага абмяркоўвалася падчас сёньняшняй сустрэчы ў Менску старшыні Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэна з Ірынай Казулінай ды іншымі прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці Беларусі. Спадар ван дэр Ліндэн запэўніў Ірыну Казуліну, што на ўсіх сустрэчах з афіцыйнымі асобамі ў Беларусі ён “перадусім узьнімае пытаньне пра вызваленьне палітвязьняў, і першым называе Аляксандра Казуліна”. Аднак прадстаўнікі беларускіх уладаў не прызнаюць наяўнасьці палітычных вязьняў. І вось што, паводле зьвестак Ірыны Казулінай, прапануе ў гэтай сувязі старшыня ПАРЭ.

( Казуліна: ) “Тады ван дэр Ліндэн сказаў: раз гэтае пытаньне неадназначнае, давайце запросім незалежных экспэртаў. І хай яны вывучаць справы, дадуць сваё незалежнае вызначэньне: што гэта -- палітычны перасьлед ці сапраўды крымінальныя справы. Але пакуль адказу ад беларускіх уладаў няма”.

Паводле Ірыны Казулінай, спадар Ван дэр Ліндэн прасіў беларускія ўлады дазволіць яму сустрэцца з Аляксандрам Казуліным у калёніі, але згоды не атрымаў. Старшыня ПАРЭ паведаміў спадарыні Казулінай, што цікаўнасьць у Эўропе да асобы яе мужа павялічылася, асабліва пасьля ягонай “мужнай галадоўкі, што доўжылася 53 дні”.

Нагадаю: падчас гэтай галадоўкі, спыненай 11-га сьнежня, Аляксандар Казулін схуднеў больш як на 25 кіляграм. Як цяпер пачуваецца палітык? Вось апошнія зьвесткі пра здароўе Казуліна, атрыманыя Ірынай 18-га студзеня зь віцебскай калёніі.

(Казуліна: ) “Мне кажуць, што ён адчувае сябе лепш: ціск у яго лепшы, вага лепшае, пачуваецца лепш. Больш пэўных зьвестак няма. Я ўжо ўся ў чаканьні сустрэчы зь ім – 27-га студзеня мы едзем да Аляксандра на трохдзённае спатканьне. Я вельмі спадзяюся на тое, што сустрэча будзе радаснай, і я ўбачу мужа ў добрым стане”.

Аляксандар Казулін быў арыштаваны летась 25-га сакавіка, адразу пасьля разгону пратэставага шэсьця да менскай турмы на вуліцы Акрэсьціна. Некалькі месяцаў палітыка трымалі ў Жодзінскай калёніі, а ў ліпені Маскоўскі суд Менску асудзіў былога кандыдата на прэзыдэнта да 5,5 гадоў зьняволеньня.

Палітык не прызнаваў сябе вінаватым, не аднойчы заяўляў пра недавер судзьдзі, за што яго пазбавілі апошняга слова. Празь месяц у віцебскай калёніі спадар Казулін абвесьціў палітычную галадоўку. Ён пратэставаў супраць улады Аляксандра Лукашэнкі, якую назваў незаконнай, патрабаваў, каб паўнамоцтвы кіраўніка дзяржавы ўзяў на сябе прэм’ер Сяргей Сідорскі, а таксама дамагаўся разгляду беларускага пытаньня ў Радзе Бясьпекі ААН. З прапановы ЗША, папярэдняе абмеркаваньне “беларускага пытаньня” ў ААН сапраўды адбылося, але далейшы разгляд праблемы парушэньня правоў чалавека ў Беларусі заблякавалі прадстаўнікі Расеіі і Кітаю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG