Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэды палоняць Беларусь. Культурай


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ў Менску ў Музэі сучаснага мастацтва адчыняецца выстава відэа-інсталяцыяў “Шахматы” і “Грошык за твае думкі”. Іх аўтары – некалькі мастакоў са Швэцыі: Магнус Бэртас, Дзьмітры Плакс, Дрор Файлер і Гуніла Шольд Файлер. Гэта ўжо ня першая сёлетняя імпрэза вялікай праграмы швэдзка-беларускіх культурніцкіх дачыненьняў. Некалькі дзён таму прэзэнтаваўся дзіцячы фільм “Маленькая калядная казка”, які стаў першым дубляваным на беларускую мову творам сучаснага швэдзкага кінематографу.

Усе чацьвёра мастакоў прадстаўляюць пакаленьне найбольш пасьпяховых сучасных швэдзкіх творцаў. І ўсе яны адначасна працуюць у некалькіх галінах мастацтва. Магнус Бэртас акрамя мастацтва займаецца літаратурай і навуковымі дасьледаваньнямі ў галіне сучаснага мастацтва. Дрор Файлер – адзін з самых вядомых у сьвеце швэдзкіх кампазытараў і выканальнікаў фры-джаза, а ў пары з жонкай Гунілай Шольд Файлер працуе як мастак. Дзьмітры Плакс – мастак і пісьменьнік, шмат перакладае зь беларускай на швэдзкую і наадварот, а яшчэ ён стварыў беларускую рэдакцыю на Швэдзкім радыё і пасьпяхова кіруе ёй.

Заўтра ў Музэі сучаснага мастацтва Дзьмітры Плакс правядзе свой творчы сэмінар, у часе якога можна будзе даведацца, да прыкладу, што здараецца з аб’ектамі, калі мы паварочваемся да іх сьпінай, або што адбываецца ў кампутарнай гульні, пасьля таго, як мы адыходзім ад кампутара. А ўвечары ў клюбе “Стэп” разам зь вядомым беларускім гуртом “Drum Ecstasy” і швэдзкім кампазытарам Дрорам Файлерам ён будзе ўдзельнічаць у сумесным музычна-тэкставым пэрформансе “Сьпёка” .

Сёлета беларускую публіку чакае яшчэ шмат сустрэчаў з сучасным швэдзкім мастацтвам. Гаворыць консул Швэцыі ў Менску Стэфан Эрыксан.

Эрыксан: “У нас ёсьць намеры паказаць яшчэ выставу швэдзкае графікі. Яна ўжо была ў Менску, а 6 лютага мы адкрыем яе ў Віцебску. Ёсьць яшчэ пляны, каб у сакавіку прыехаў наш адзін джазавы гурт”.

Апрача гэтага ў лютым пройдзе перакладчыцкі сэмінар, удзельнікі якога будуць рыхтаваць анталёгіі швэдзкае літаратуры па-беларуску і беларускае па-швэдзку. А напрыканцы вясны пройдуць традыцыйныя ўжо Дні швэдзкае культуры ў Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG