Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У. Арлоў: "Сёньня ад Андрэя Хадановіча можна схавацца хіба толькі ў нетрах прозы"


Севярын Квяткоўскі, Менск “Сто лістоў на TUT.BY” – завецца паэтычны зборнік Андрэя Хадановіча, які рэпрэзэнтаваўся сёньня ў кіназалі менскага Палацу моладзі. Кніжка – першая з сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва».

TUT.BY – першы беларускі інтэрнэт-партал, які даў паслугу электроннай пошты. “Шчыры дзякуй электроннай пошце, безь якой гэтыя лісты маглі б і не напісацца», – адзначыў у прадмове да кніжкі Андрэй Хадановіч.

У імпрэзе ўзялі ўдзел рэдактар газэты “Наша Ніва” Андрэй Скурко, пісьменьнік Уладзімер Арлоў, мастацтвазнаўца Максім Жбанкоў, гурт “Рэха” і выканаўца Зьміцер Вайцюшкевіч.

Некалькі соцень месцаў кіназалі Палацу Моладзі ўвечары 18 студзеня былі запоўненыя амаль цалкам. Тут можна было пабачыць як зусім маладыя твары, гэтак і вядомых культурніцкіх дзеячоў: паэта Міхала Анемпадыстава, барда Алеся Камоцкага, мовазнаўца Зьмітра Саўку ды іншых. Зборнік “Сто лістоў на TUT.BY” аб’яднаў вершы восені і зімы 2004 году. Андрэй Хадановіч, як называе ўласную творчасьць “крыху хуліганскай”, распачаў вечарыну з рэвэрансаў прысутнай моладзі:

Хадановіч: “Можа быць, Дом Літаратара пераязджае сюды – у Палац Моладзі. Беларускія літаратары маладзеюць. І гэта таксама ня можа ня цешыць. Карацей, я чытаю тэксты зь кнігі “Сто лістоў на TUT.BY”:

“Раскажу, хоць людзі ня звыклі/Будуць лаяць, маўляў, маўчы/Ехаў казачнік на матацыкле/Без глушыльніка. У начы”.

Андрэй Скурко ў сваім вітальным выступе распавёў пра кніжкі, якія варта чакаць у бягучым годзе ў сэрыі «Кнігарня «Наша Ніва»:

Скурко: “На працягу месяца-паўтара выйдуць такія рэчы як “Паўстаньне на Кастрычніцкай Плошчы” Пётра Рудкоўскага, выйдзе кніжка нашаніўскіх рэпартажаў, якая завецца “Беларусь за 10 падарожжаў”. Таксама рыхтуецца яшчэ шэраг кніг”.

Пісьменьнік Уладзімер Арлоў выказаў меркаваньне, што неўзабаве Андрэй Хадановіч будзе зьзяць на літаратурным небасхіле ня толькі як зорка паэзіі, але як выбітны празаік:

Арлоў: "Без Андрэя немагчыма ўявіць наш літаратурны краявід. І сёньня ад Хадановіча пакуль што можна хіба што яшчэ схавацца ў нетрах прозы. Але ягоныя эсэ сьведчаць, што і гэты прытулак хутка зробіцца ненадзейным”.

А сам Андрэй Хадановіч перад тым, як перадаць слова ня толькі калегам-літаратарам, але прафэсійным музыкам, выканаў сваю кавэр-вэрсію аднаго зь гітоў Стыві Ўандэра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG