Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія памежнікі не пацьвярджаюць зьвестак пра ўзмацненьне расейска-беларускай мяжы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Крыніцы ў памежных войсках Расеі не пацьвярджаюць зьвестак пра тое, што Расея робіць крокі да ўзмацненьня расейска-беларускай мяжы. Між тым, у Памежным камітэце Беларусі заяўляюць пра існаваньне расейскага памежнага атраду “апэратыўнага прыкрыцьця” з боку Расеі.

Расея блізу мяжы зь Беларусьсю трымае памежнікаў. Пра гэта 19-га студзеня пад час сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам паведаміў кіраўнік Памежнага камітэту Беларусі Аляксандар Паўлоўскі. “Невялікая колькасьць – 150 чалавек асабовага складу апэратыўных работнікаў”,-- заявіў, паводле Інтэрфаксу, Аляксандар Паўлоўскі.

Як паведамляе Інтэрфакс, Аляксандар Лукашэнка запытаў: “Такім чынам, расейцы зрабілі першы крок да ўсталяваньня мяжы зь Беларусьсю?” “Такі элемэнт, збольшага, ёсьць”, -- прызнаў, з інфармацыі агенцтва, кіраўнік Памежнага камітэту Аляксандар Паўлоўскі.

У ФСБ Расеі, якому падпарадкоўваецца памежная служба, не пацьвердзілі зьвестак наконт таго, што ў Расеі “зрабілі першы крок да ўсталяваньня мяжы”. Супрацоўніца цэнтру сувязяў з грамадзкасьцю ФСБ, якая не назвала свайго прозьвішча, паведаміла толькі пра апэратыўную групу расейскіх памежнікаў у Менску.

Супрацоўніца: “Гэтая група там даўно, ужо гадоў 12. Па сутнасьці, гэта група ёсьць апаратам дарадцаў, бо ў Беларусі сваёй памежнай школы не было. Група была большай, але потым яе скарацілі да 150-ці чалавек”.

Я датэлефанаваўся да групы расейскіх памежнікаў у Менску. Расейскі памежнік, папрасіўшы не называць прозьвішча, патлумачыў, што ягоныя калегі адказваюць толькі за пытаньні аховы мяжы саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі і “не займаюцца ўнутранымі межамі”. Колькасны склад групы памежнік-афіцэр агучыць адмовіўся. Што да зьвестак пра зьяўленьне расейскіх памежнікаў на другім баку беларуска-расейскай мяжы, мой суразмоўца сказаў: “Мне пра гэта нічога невядома”.

У пачатку 1990-х гадоў Расея заснавала ў Смаленску памежны атрад, які пачаў разгортваць апэратыўнае прыкрыцьцё мяжы зь Беларусьсю. Але на ахову мяжы расейскія памежныя войскі гэтак і не заступілі, таму што Беларусь і Расея дамовіліся трымаць мяжу адкрытай. У цэнтры грамадзкіх сувязяў ФСБ Расеі карэспандэнту “Свабоды” пацьвердзілі: насамрэч існуе Смаленская ўправа памежнай службы. Аднак адмовіліся даць патлумачэньні, у якой форме яна займаецца наглядам за беларуска-расейскай мяжой.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG