Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна – адзіная свабодная краіна ў СНД


Юры Дракахруст, Прага Такая ацэнка ўтрымліваецца ў сёлетняй справаздачы амэрыканскай недзяржаўнай арганізацыі Freedom House. Беларусь паводле Freedom House зьяўляецца цалкам несвабоднай краінай з адным з самых рэпрэсіўных у сьвеце рэжымаў.

Freedom House выпускае штогадовыя даклады “Свабода ў сьвеце” , пачынаючы з 1978 году. Сытуацыя ў тых ці іншых дзяржавах ацэньваецца паводле ўзроўню грамадзянскай і палітычнай свабодаў. Грамадзянская свабода прадугледжвае свабоду слова і сумленьня, свабоду асацыяцыяў, палітычная – удзел грамадзства ў фармаваньні ўлады і кантролі над ёй. Кожны з гэтых паказнікаў ацэньваецца паводле 7-бальнай шкалы – 1 бал – поўная свабода, 7 балаў – поўная несвабода.

Паводле сумарнай ацэнкі краіны сьвету разьмяркоўваюцца паводле трох катэгорыяў: свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя.

У 1993-1994 гадох Беларусь ацэньвалася, як часткова свабодная краіна, ужо з 1995 году сытуацыя пачала пагаршацца, а з 1997 году Беларусь мае штогод 6 балаў па шкале “грамадзянскія свабоды”, і 6-7 балаў – па шкале “палітычныя свабоды”.

Такія ж паказчыкі ў Беларусі і сёлета, паводле Freedom House ўваходзіць у склад дзесяці самых рэпрэсіўных дзяржаваў у сьвеце – разам з ёй Кітай, Кот-д-Івуар, Экватарыяльная Гвінея, Эрытрэя, Лаос, Савудаўская Арабія, Сірыя, Зымбабвэ і Заходняя Сахара.

Расея да 2004 году ацэньвалася ў справаздачах Freedom House, як часткова свабодная краіна, у 2005 годзе перайшла ў катэгорыю несвабодных. У сёлетней справаздачы адзначаецца, што за мінулых год сытуацыя ў Расеі істотна пагоршылася.

Сярод краінаў СНД у катэгорыі часткова свабодных апынуліся Грузія, Малдова і Кіргізстан. І толькі адзіная краіна СНД – Украіна, ужо другі год запар ацэньваецца экспэртамі Freedom House, як свабодная.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG