Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цёплая зіма: душэўны дыскамфорт ад камфорту


Ігар Карней, Менск Анамальна цёплая зіма для эканомікі Беларусі мае больш плюсаў, чым мінусаў. Аднак тое, што добра для энэргетычнай галіны, адбываецца на псыхалягічным стане чалавека.

Псыхоляг Міхаіл Дзярнакоўскі перакананы: зьмена біярытмаў у арганізьме чалавека, які ўнутрана падрыхтаваны да каляндарнай зімы, не спрыяе псыхалягічнаму камфорту. На думку спэцыяліста, асабліва гэта адчуваюць дзеці, якія не знайшлі альтэрнатывы зімовым забавам.

Дзярнакоўскі: “Калі зімы ўвогуле ня будзе (у тым сэнсе, што ня будзе сьнегу і ўсяго, што зіму ўвасабляе), то, натуральна, у чалавека могуць узьнікаць трывожныя чаканьні: дзесьці штосьці можа быць ня так, як звычайна. Гэтыя трывожныя засьцярогі ўнутрана штурхаюць да некантралявананых учынкаў, прыводзяць да статусных зьменаў і да нестандартных паводзінаў. Можа адбыцца рэалізацыя гэтых унутрана трывожных чаканьняў – маўляў, штосьці ня так пайшло, а значыць, мае абавязкова негатыўны падтэкст. Хоць насамрэч адчуваньня, што зімы не было, у людзей яшчэ не ўзьнікла. Унутрана, падсьвядома чакаюць: сьнег праз тыдзень-два, праз месяц урэшце выпадзе, зіма будзе. Затрымка ёсьць, але нічога страшнага”.

Паводле спадара Дзярнакоўскага, дыскамфорт, выкліканы анамальным надвор’ем, нярэдка суправаджаюць дэпрэсіі. Перадусім, гэта тычыцца людзей, дабрабыт якіх наўпрост залежыць ад чаканьняў зімовага ачышчэньня ці спадзяваньняў сэзонна зарабіць.

Жыхарка Менску Юля апавядае.

Юля: “У маім жыцьці ўжо чацьвёрты месяц працягваецца кастрычнік. Я ўжо працяглы час хварэю на вегэтасасудзістую дыстанію, таму бяз сну атрымалася так, што ў мяне пачалася дэпрэсія, дрэннае адчуваньне. Кожную раніцу, калі я прачынаюся, мне нават кава не дапамагае; ня хочацца нікуды хадзіць, ня хочацца ні з кім сустракацца. Я амаль не працую і кожны дзень адсочваю зводкі надвор’я. І спадзяюся, што сапраўды пасьля 20-га, калі нарэшце, абяцаюць, выпадзе сьнег, хоць бы люты я змагу пражыць нармалёва”.

Людзям, на якіз асабліва моцна дзейнічае цёплая зіма, раяць на нейкі тыдзень выправіцца ў горы. Турыстычны мэнэджэр Васіль Грынь кажа, што калі ёсьць грошы, сьнег можна пабачыць хоць заўтра.

Грынь: “Самы танны варыянт – паехаць ва Ўкраіну. Даражэй будзе Славаччына, Чэхія, Польшча. Яшчэ, канечне, даражэй Аўстрыя, Францыя, яшчэ большых выдаткаў пацягне Швэйцарыя. Але тут ужо ўсё залежыць ад кішэні. Калі наконт “герархіі”, гэта досыць суб’ектыўныя рэчы. Пойдзеце ў адну турфірму, там скажуць, што лепей за чэскія курорты няма ўвогуле нічога ў сьвеце. Хто спэцыялізуецца на Славаччыне, тое самае будзе казаць. Зараз вось Баўгарыя зьвілася і зноў кажуць, што лепш Баўгарыі нічога няма. Па праўдзе сказаць, усе горы добрыя, і ўсюды, калі ёсьць сьнег і калі існуюць хоць мінімальныя ўмовы для катаньня – атрымліваеш задавальненьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG