Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ліквідатар у судзе даказвае, што інвалідам яго зрабіў Чарнобыль


Любоў Лунёва, Менск Удзельнік ліквідацыі наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС Васіль Сіліверст намагаецца ў судзе даказаць, што яго інваліднасьць зьвязана з узьдзеяньнем радыяцыі на арганізм. У Першамайскім раённым судзе Менску прадстаўнік Рэспубліканскага міжведамаснага экспэртнага савету і ліквідатар будуць адстойваць свае пазыцыі. Васіль Сіліверст, які ўжо тройчы трымаў галадоўку пратэсту, мае намер дайсьці да суду ў ААН.

Васіль Сіліверст сёньня ў кабінэце судзьдзі Алены Нехвядовіч сустрэўся з вучоным сакратаром экспэртнага савету Міністэрства аховы здароўя Людмілай Навіцкай. Спадарыня Навіцкая даводзіць: навуковыя дасьледаваньні сьведчаць, што няма ніякай сувязі між узьдзеяньнем радыяцыі на арганізм і сардэчным захворваньнем.

Васіль Сіліверст прынёс на суд публікацыі Юрыя Бандажэўскага, а таксама некаторыя яго навуковыя дасьледаваньні пра ўзьдзеяньне на арганізм доз радыяцыі. Васіль Сіліверст быў вайскоўцам, калі здарылася Чарнобыльская катастрофа. Ён некалькі месяцаў працаваў у 30-кілямэтровай зоне, жыў у намётавым гарадку разам з іншымі “ліквідатарамі”. Cвае хваробы – інфаркт міякарду і катаракту вачэй – Васіль Сіліверст лічыць наступствамі радыяцыі:

Сіліверст: “Натуральна, усе тыя вайскоўцы, хто быў разам са мной і стаў інвалідам, маюць усе праблемы ў выніку ўзьдзеяньня на арганізм радыяцыі. Мы намагаемся праз суды даказаць, што захворваньні, інваліднасьць зьвязаны з наступствамі катастрофы на Чарнобыльскай АЭС. Але бюракратычная машына ставіць перашкоды, каб гэта не зьвязалі ў адно”.

Падтрымаць Васіля Сіліверста на суд прыехаў ліквідатар Аляксандар Валчанін з Жодзіна.

Валчанін: “Я прыехаў, каб аказаць падтрымку Васілю Мікалаевічу ў судзе ад нашай арганізацыі, бо я -- ягоны калега, удзельнік ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС, афіцыйна зьяўляюся кіраўніком сэкцыі пры арганізацыі інвалідаў Аўганістану. Мы дапаможам яму, падтрымаем”.

Інваліды атрымліваюць пэнсію каля 150 000 рублёў. Калі ліквідатар дакажа, што страціў працаздольнасьць у выніку ліквідацыі наступстваў Чарнобыльскай катастрофы, то памер пэнсіі павялічыцца ў 5 разоў.

Спадар Сіліверст распавёў “Свабодзе“:

Сіліверст: “Я лічу, што асноўная мэта ўлады ня даць нам ільгот, пакінуць сам насам з хваробамі. Тым часам гэтая ж улада стварыла ўсе лазы, каб чыноўнікі нашы парабіліся інвалідамі Чарнобылю, незаконна заслужыўшы тыя льготы і незаконна імі карыстаючыся. Канечне, нас, ліквідатараў, гэта крыўдзіць і абурае. У Чарнобыль мы ішлі не па сваёй волі. Мы выконвалі там свае абавязкі, рызыкавалі сваім здароўем. Дзяржава нас пакінула… Нас засталося вельмі мала. Мы нічога ня можам дабіцца”.

Летась і ў 2005 годзе ён трымаў тры галадоўкі, патрабуючы, каб чыноўнікі прызналі, што ягоныя захворваньні ёсьць наступствам узьдзеяньня радыяцыі пад час ліквідацыі наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Наступнае судовае паседжаньне адбудзецца праз тыдзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG