Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Freedom House: Беларусь застаецца несвабоднай краінай


Тацяна Поклад, Прага Сёньня праваабарончая арганізацыя Freedom House апублікавала гадавую справаздачу пра стан палітычных і грамадзянскіх свабодаў у сьвеце. Беларусь па-ранейшаму мае статус несвабоднай краіны і ўваходзіць у дзесятку краінаў сьвету, блізкіх да найгоршага стану грамадзянскіх свабодаў і палітычных правоў.

Паводле справаздачы “Свабода ў сьвеце 2007”, колькасьць свабодных краінаў у сьвеце застаецца амаль нязьменнай ад 1998 году. Справаздача грунтуецца на дасьледаваньні сытуацыі ў краінах сьвету ў 2006 годзе. Джэніфэр Уінздар (Jennifer Windsor), выканаўчы дырэктар арганізацыі Freedom House, адзначае, што “цягам апошняга дзесяцігодзьдзя павялічваецца працэс стагнацыі свабоды”, паколькі стан свабоды пагоршыўся ў 33 краінах, і толькі ў 18 краінах – палепшыўся.

Праваабарончая арганізацыя Freedom House рыхтуе штогадовыя справаздачы пра стан свабоды ў сьвеце ад 1972 году. Усе краіны сьвету дзеляцца на тры катэгорыі – свабодныя, часткова свабодныя і несвабодныя.

Кожная краіна таксама асобна ацэньваецца ў сфэры палітычных правоў і грамадзянскіх свабодаў, паводле шкалы ад 1 да 7 балаў, дзе 1 бал азначае найбольшы узровень свабодаў, 7 – найгоршы. Беларусь вызначаецца, як і летась, як цалкам несвабодная краіна, з найгоршым балам, які ацэньвае узровень палітычных правоў. Узровень грамадзянскіх свабодаў ацэнены на 6 балаў – перадапошні перад найгоршым з ўсіх балаў.

Паводле Freedom House, існуе 8 краінаў у сьвеце, дзе стан свабоды “найгоршы з найгоршага” – Куба, Паўночная Карэя, Туркмэністан. Узбэкістан, Лівія, Судан, Бірма і Самалі. Пасьля вылучаецца дзесятак краінаў і тэрыторыяў, якія набліжаюцца да “найгоршых з найгоршых”, у іх ліку і Беларусь, побач з Кітаем, Зімбабвэ і іншымі дыктараскімі краінамі Азіі і Афрыкі.

Справаздача Freedom House адзначае, што на абшарах былога Савецкага Саюзу летась ня было значных зьменаў у стане палітычных і грамадзянскіх свабодаў. Выключэньнем, “адзіным сьветлым момантам”, названая Украіна, якая далучаная цяпер да ліку цалкам свабодных краінаў, а таксама палепшылася сытуацыя ў Грузіі, якая са статусу “несвабодных” перамясьцілася ў статус “часткова свабодных”.

Тым часам “Расея працягвае заставаццца мадэлью для аўтарытарна-арыентаваных лідэраў у рэгіёне і ў сьвеце”, і стан свабоды ў Расеі пагоршыўся ў выніку жорсткага перасьледу недзяржаўных арганізацыяў.

“Хаця дачыненьні Расеі зь Беларусьсю часткова пагоршыліся, -- адзначаецца ў справаздачы, -- Расея працягвае падтрымліваць аўтакратыі ў рэгіёне і супрацьстаяць памкненьням ААН ужываць санкцыі супраць дыктатараў”.

Справаздача адзначае ў якасьці фэномэна ў разьвіцьці грамадзкіх і палітычных дачыненьняў у сьвеце цягам апошніх гадоў мэтанакіраваны націск на дэмакратыю, які характэрны, у ліку іншых названых несвабодных краінаў, і для Беларусі.

Тут вызначаюцца тры адметныя моманты. Па-першае, аб’ектамі перасьледу з боку ўладаў робяцца ня столькі палітычныя партыі ці прафсаюзы, колькі незалежныя недзяржаўныя арганізацыі. Па-другое, дыктатарскі рэжым імкнецца часьцей ўжываць юрыдычныя мэханізмы, заканадаўчую базу, для таго, каб прымусіць замаўчаць вольныя галасы ў грамадзтве. І, нарэшце, тое, што рэжым ў Беларусі, як і іншыя аўтарытарныя рэжымы, імкнецца пазбавіць незалежныя арганізацыі ў сваёй краіне магчымасьці атрымліваць дапамогу з-за мяжы.

Усяго 45 краінаў сьвету названыя ў справаздачы Freedom House несвабоднымі, ў іх жыве 37% насельніцтва Зямлі. Праўда, палова ад ўсёй гэтай часткі насельніцтва жыве ў адной краіне – ў Кітаі. Часткова свабоднымі названыя 58 краінаў, якія прадстаўляюць 17 % насельніцтва ўсяго сьвету.

Цалкам свабодныя, паводле справаздачы Freedom House – 90 краінаў, у якіх жыве 46 % насельніцтва Зямлі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG