Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генэральны пракурор Міклашэвіч сказаў, што справы зьніклых расьсьледуюцца


Алег Грузьдзіловіч, Менск Генэральны пракурор Беларусі Пётар Міклашэвіч прызнаў, што заява Аляксандра Лукашэнкі аб фальсыфікацыі мінулых прэзыдэнцкіх выбараў не паўплывала на пазыцыю пракуратуры адносна іх вынікаў. Таксама пракурор распавёў пра гучныя крымінальныя справы, заведзеныя цягам году.

Прэсавая канфэрэнцыя генэральнага пракурора Пятра Міклашэвіча прысьвячалася вынікам барацьбы з парушэньнямі закону цягам 2006 году. Журналісты даведаліся, што летась было зарэгістравана на 2 працэнты менш злачынстваў (у тым ліку меней стала наўмысных забойстваў і выпадкаў карупцыі). Але раскрывальнасьць злачынстваў таксама зьнізілася: толькі 54% тых, хто парушыў закон, трапляюць на лаву падсудных.

2006 год быў годам прэзыдэнцкіх выбараў, і выкананьне выбарчага заканадаўства таксама было пад наглядам пракуратуры, - азначыў Пётар Міклашэвіч. На гэта карэспандэнт “Свабоды” нагадаў заяву Аляксандра Лукашэнкі адносна прэзыдэнцкіх выбараў, якую той зрабіў у лістападзе. “Апошнія выбары мы сфальсыфікавалі ...За прэзыдэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5 працэнта. Кажуць, гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было”, -- сказаў Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы з украінскімі журналістамі. Пытаньне да Пятра Міклашэвіча гучала так: “Як пракуратура адрэагавала на гэтыя прызнаньні?” Вось што адказаў генэральны пракурор.

Міклашэвіч: “Падчас прэзыдэнцкіх выбараў пракуратура атрымала болей за 200 скаргаў на, быццам, парушэньні выбарчага закону. Кожная скарга правяралася, даваліся адказы. Наша пазыцыя, пра якую мы казалі падчас выбараў, такая: істотных парушэньняў закону падчас выбараў прэзыдэнта Беларусі пракуратура не знайшла. Таму гэтая пазыцыя не мяняецца й цяпер. А ў якім кантэксьце былі зроблены заявы, на якія вы спасылаецеся, вам добра вядома”.

У Пятра Міклашэвіча таксама спыталі, як пракуратура адрэагавала на заяву былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна аб прыцягненьні да адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі паводле спраў аб зьнікненьні вядомых апазыцыянэраў. Калі гэтыя падазрэньні беспадстаўныя, Аляксандар Казулін прасіў прыцягнуць да адказнасьці палкоўніка міліцыі Алега Алкаева, які выклаў свае падазрэньні ў кнізе “Расстрэльная каманда”. Пётар Міклашэвіч ад адказу ўхіліўся. Ён толькі паведаміў, што справы зьніклых лідэраў апазыцыі расьсьледуюцца, але “вынікаў дагэтуль няма”.

Былі закрануты некаторыя гучныя крымінальныя, у тым ліку карупцыйныя, справы. Расьсьледаваньне злоўжываньняў на тэлекампаніі ОНТ ня спынена, але яшчэ не завершана,-- паведаміў генпракурор. Прозьвішчаў падазроных ён не назваў. Расьсьледуецца й справа супраць кіраўніцтва тэлевізійнага заводу “Віцязь”, падазроным у якой паўстаў былы камэрцыйны дырэктар Жукоўскі, і страты, нібыта, вымяраюцца сумай 6 мільёнаў даляраў. Не завершана яшчэ й справа, у якой фігуруюць падазраваныя ў махлярстве беларускі сьпявак Віктар Каліна і ягоная жонка, якія знаходзяцца ў сьледчым ізалятары. Паводле генпракурора, 25 асоб з органаў дзяржаўнага кіраваньня былі летась асуджаны за карупцыю. За хабарніцтва патрапілі на лаву падсудных і два былыя супрацоўнікі пракуратуры. А за дрэнны нагляд за законнасьцю ў службовым парадку былі пакараны кіраўнікі Гомельскай пракуратуры.

Міклашэвіч: “...пачынаючы ад пракурора Гомельскай вобласьці Алега Палавінкі, два ягоныя намесьнікі і былы пракурор гораду Гомеля, якога звольнілі, ды іншыя”.

Нагадаем: сьледзтва выкрыла ў Гомелі гэтак званую “марозаўскую групоўку”, вінаватую ў дзесятках забойстваў і рэкеце. Падчас суду стала відочна, што працяглы час улады вобласьці і гораду заплюшчвалі вочы на дзейнасьць бандытаў. Аднаго з былых супрацоўнікаў пракуратуры, Сусолкіна, дагэтуль шукаюць.



.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG