Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АБЛОГа сеціва за 16 студзеня


Юлія Шарова, Менск У дзёньніку карыстальніка <a href=http://r-a-t--k-i-n-g.livejournal.com/60958.html>R_a_t__k_i_n_g</a> ідзе абмеркаваньне вынікаў выбараў у мясцовыя саветы.

У паасобку, чытачоў "дзёньніка Пацука" цікавіць, наколькі праўдзівыя лічбы яўкі выбарнікаў. Згодна зь інфармацыяй Цэнтарвыбаркаму, усяго па Беларусі ў выбарах узяло ўдзел 78,7 адсотка выбарнікаў. Вось некаторыя камэнтары:

"Колькасць удзельнікаў" адпавядае адсотку фальсыфікацыяў".

"Калі напісана, што ў Менску 60 адсоткаў, значыць, выбары не адбыліся па горадзе ўвогуле…"

"Паводле сведчаньня некаторых знаёмых, сяброў камісій на асобных участках было больш чым выбаршчыкаў".

На сайце "Трэці шлях" зьявіўся аналітычны артыкул пад назвай Расколатая ідэнтычнасьць як канкурэнтная перавага. Аўтары артыкула разглядаюць далейшыя пэрспэктывы беларускай эканомікі, якая ў будучыні ня здолее гэтаксама эфэктыўна выкарыстоўваць сваё транзытнае становішча. "Цягам бліжэйшых год нам давядзецца прымірыцца з думкай, што мы зьяўляемся ня толькі й ня гэтулькі транзыстарамі, якія кантралююць перасоўваньне рознага кшталту дабротаў і каштоўнасьцяў ад адной мяжы да супрацьлеглай, але перадусім – спажыўцамі. Нам давядзецца прывучыць сябе да думкі, што хоць становішча на геаграфічнай мапе ёсьць даволі-ткі ўстойлівым "аргумэнтам", яно не дае гарантаваных канкурэнтных перавагаў. Што недастаткова мець "родную зямельку", трубы і тэрміналы, каб ні ў чым не адчуваць брак і нястачу, і што, адпаведна, неабходна ствараць дататковыя перавагі".

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул эканаміста Леаніда Заікі, апублікаваны ў "Экономической газете", – "Нафтавы канфлікт завязаны на вялікіх грашох". Асноўная думка артыкула: Беларусь у пэўнай ступені ахвяра нерацыянальна арганізаванай савецкай эканомікі, калі нафтаперапрацоўчыя заводы пабудавалі на тэрыторыі рэспублікі, што ня мела ўласнай сыравіны; а Расея, як правапераемнік СССР, павінна ўзяць на сябе некаторую адказнасьць за беларускую эканоміку. Эканаміст, у прыватнасьці, лічыць, што Беларусь мае права ўдзельнічаць у здабычы сырой нафты на расейскай тэрыторыі – для забесьпячэньня сваіх унутраных патрэбаў.

Удзельнікі форумаў tut.by камэнтуюць развагі экспэрта:

"Працягваючы лёгіку Заікі, трэба таксама на Расею наваліць ня толькі беларускія, але й таджыцкія, грузінскія, армянскія й кіргіскія праблемы. Бо, як правапераемніца СССР, Расея адказная й за пабудаваныя там прадпрыемствы. А чаму ў такім разе Беларусь не адказная за расейскую (казахскую, узбэцкую, украінскую) сельскую гаспадарку? Бо МТЗ быў пабудаваны за савецкім часам. Чаму ад расейцаў патрабуюць прадаваць асноўны тавар за капейкі, а за трактары мы хочам браць напоўніцу. Давайце іх таксама прадаваць у Расею са зьніжкай 80 адсоткаў".

"А чаму, уласна, вінаватая, калі мы абвясьцілі сябе самастойнай і незалежнай дзяржавай, чаму нашае кіраўніцтва хоча быць незалежным толькі палітычна, чаму за гэтыя гады нічога не было зроблена для таго, каб аслабіць эканамічную залежнасьць?"

На сайце onliner.by зьявілася фота маўзалею Атацюрка ў сталіцы Турцыі Анкары. Будынак маўзалею надзвычай падобны да менскага Палацу рэспублікі.

Дасылайце свае ідэі ды спасылкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG