Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шэнгенская віза цяпер каштуе 60 эўра


Уладзімер Глод, Менск Грамадзянін Беларусі, які набывае шэнгенскую візу ў амбасадзе Нямеччыны ў Менску, цяпер мусіць заплаціць за яе 60 эўра. Пра гэта сёньня паведаміў на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску амбасадар Нямеччыны Марцін Гэкер. Раней такая віза каштавала амаль удвая таньней - 35 эўра.

60 эўра каштуе консульскі збор за візу. Прычым, незалежна ад таго, колькі разоў (адзін ці больш) жыхар Беларусі зьбіраецца ехаць у краіны шэнгенскай зоны. Падвышэньне цэнаў амбасадар Гэкер тлумачыць матэрыяльнымі выдаткамі.

Гэкер: “Стаўка, якая была раней (35 эўра), не пакрывае выдаткаў, патрэбных на тое, каб выдаваць біямэтрычныя візы. Пра гэта сьведчыць досьвед амбасады Францыі, якая летась першай пачала ў Беларусі выдаваць біямэтрычныя візы. А менавіта такія дакумэнты неабходны з мэтаў бясьпекі. Хачу заўважыць, што адначасова з падвышэньнем коштаў існуе магчымасьць атрымліваць візы бяз консульскага збору. Гэта тычыцца гуманітарных паездак. Перадусім - зьвязаных з чарнобыльскай праблемай. Акрамя таго, бясплатныя візы будуць атрымліваць дзеці да 7-мі год”.

Як хутка пачнуць выдаваць біямэтрычныя візы, пакуль невядома. Спадар Гэкер адзначыў, што маецца палітычнае рашэньне ўвесьці іх дзеяньне як мага хутчэй. І тлумачыцца такое жаданьне выключна клопатам пра бясьпеку падарожнікаў. Але ня выключана, што сёлета амбасада Нямеччыны яшчэ не пасьпее перайсьці на такую працэдуру.

Я спытаў спадара амбасадара, ці ня зьвязана падвышэньне цэнаў на візы з тым, што кіраўніцтва Эўразьвязу, быццам, незадаволена: маўляў, асобныя краіны Эўразьвязу выдаюць зашмат візаў жыхарам былога Савецкага Саюзу. У такім разе падвышэньне консульскіх збораў выглядае як сродак памяншэньня патоку ў заходнія краіны з тэрыторыі былога СССР.

Марцін Гэкер адказаў так:

Гэкер: “Візавыя пытаньні эўрапейскія краіны яшчэ абмяркоўваюць. Зразумела, што краіны, якія суседзяць зь Беларусьсю, маюць зусім іншыя інтарэсы, чым тыя, хто, каб патрапіць сюды, мусяць пераадолець больш за тысячу кілямэтраў. Як амбасадар Нямеччыны я цудоўна разумею: існуюць сваяцкія і сяброўскія сувязі. якіх нельга ігнараваць. І я мяркую, што Эўразьвяз знойдзе прыймальнае рашэньне”.

Што тычыцца бліжэйшых суседзяў Беларусі, дык сёлета яе грамадзяне могуць па-ранейшаму ехаць у Расею ды Ўкраіну бязь візы. Дзеля паездкі ў Латвію магчыма атрымаць візу бясплатна, а кіруючыся ў Літву, належыць заплаціць, як і летась, за аднаразовую візу 5 эўра, за шматразовую -- 25. Карэктывы ад учорашняга дня ўнесла Польшча: цяпер за консульскі збор жыхарам Беларусі трэба плаціць не далярамі, як раней, але эўра. Аднаразовая віза стала каштаваць 5 эўра, двухразовая – 8, шматразовая -- 24.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG