Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія вынікі выбараў?


Радыё Свабода Паводле Цэнтравыбаркаму, усе мясцовыя саветы сфармаваныя ў правамоцным складзе. Абрана 22 тысячы 640 дэпутатаў. Прадстаўнікоў апазыцыі сярод іх – адзінкі.

На прэсавай канфэрэнцыі ў Менску старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына падсумавала вынікі выбараў. Яна заявіла, што ўсе саветы абраныя ў паўнамоцным складзе. Не абраны толькі 21 дэпутат. Большая частка зь іх балятавалася на безальтэрнатыўнай аснове й не знайшла патрэбнай падтрымкі выбарцаў. Найбольш высокая яўка выбарцаў на тэрыторыі Віцебскай вобласьці, а самая меншая — у Менску.

Ярмошына: “Такім чынам, выбары адбыліся. Усяго ў іх узялі удзел 78,7 працэнта выбарцаў. Гэта на 5 працэнтаў больш, чым на такіх жа выбарах у 2003 годзе. Ну, і на 15 працэнтаў менш, чым на выбарах прэзыдэнта Беларусі ў 2006 годзе. Што да якаснага складу выбраных мясцовых саветаў, то мы пакуль ня маем такіх зьвестак. Ну, напэўна, нашы камісіі проста пайшлі спаць. Яны перадалі інфармацыю асноўную. Што да самой выбарчай кампаніі, — у цэлым яна праходзіла спакойна”.

Паводле папярэдніх зьвестак, ніводзін кандыдат ад апазыцыйных партыяў не перамог на выбарах у Менску. Да прыкладу, АГП мела ў Менску 14 кандыдатаў. Ігар Шынкарык падсумоўвае вынікі галасаваньня за Арцёма Лябедзьку на адным з участкаў.

Шынкарык: “Галасоў не лічылі. Там недзе лічбы напісалі 15 чалавек, а чалавек 11 сваякоў толькі было, якія дакладна галасавалі за яго. І яшчэ там многа людзей, як выходзілі з участку, казалі, што за Арцёма прагаласавалі. Ніхто нічога не лічыў. Гэта сьмех ад гэтых выбраў, ад таго, якія вынікі яны выдалі”.

Паводле папярэдняй інфармацыі, разам у Беларусі Партыя БНФ мае трох дэпутатаў на Магілёўшчыне і Меншчыне, БСДП (Грамада) усяго двух — на Віцебшчыне. Найбольшую колькасьць у Беларусі пакуль мае ПКБ —7 дэпутатаў. Зь іх пяцёра на Берасьцейшчыне, адзін на Меншчыне і адзін на Гарадзеншчыне. Гэта, як правіла, сельскія саветы, і толькі адзін партыец патрапіў у Берасьцейскі райсавет. Прычым, на прэсавай канфэрэнцыі ў Берасьці старшыня абласнога выбаркаму Аляксандар Каляда заявіў, што зьвестак аб абраньні апазыцыйных дэпутатаў няма.

Паводле актывісткі ПКБ Алены Скрыган, усяго з 32-х партыйцаў абрана сямёра.

Скрыган: “Але гэта не гаворыць пра тое, што выбары былі дэмакратычныя. Бо некаторыя з гэтых людзей ішлі па адным. Зь нейкіх матываў тыя, хто зь імі пачынаў гэтую барацьбу, з дыстанцыі сышлі, таму ніякага выбару не заставалася ў людзей. Так склаліся абставіны”.

На Гарадзеншчыне абраныя толькі два дэмакратычныя кандыдаты: Зьміцер Кухлей, рух “За свабоду!”, стаў дэпутатам Мастоўскага райсавету. Сябра ПКБ Аляксандар Пудаўкін абраны дэпутатам сельскага савету ў мястэчку Лунна Мастоўскага раёну.

З Горадні — Міхал Карневіч.

Карневіч: “У Горадні ніводзін з 13 кандыдатаў дэпутатам не абраны. На адной з акругаў, дзе балятаваўся старшыня абласной арганізацыі АГП, Юры Істомін, яшчэ разглядаецца скарга — пра тое, каб прызнаць выбары несапраўднымі”.

Паводле незалежных назіральнікаў, вынікі выбараў прызнаць нельга з-за вялікай колькасьці парушэньняў. Лідэр Гарадзенскай абласной арганізацыі сацыял-дэмакратаў Уладзімер Кісялевіч сказаў:

Кісялевіч: “Назіральнікі?.. Там ніхто нічога нікому — адвярнуліся, палічылі, ніякай інфармацыі нікому не давалі. Назіральнікі былі папросту не патрэбныя. Вось цяпер я актыў накіроўваю ў пракуратуру, а іх ніхто не прымае, не рэгіструе”.

У Менскай вобласьці, паводле папярэдняй інфармацыі, дэпутатамі сталі тры апазыцыянэры. Распавядае Міхал Стэльмак:

Стэльмак: Адзін зь іх — сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Залатар зь Дзяржынскага раёну. Ён перамог на выбарах у Фаніпальскі гарадзкі савет.

Залатар: “Трэба чакаць, што вырашаць у Дзяржынскім райвыканкаме: зацьвердзяць ці не? Вы ж ведаеце нашу ўладу: яны могуць давесьці адны лічбы, а сюды ўжо прывезьці зусім іншыя”.

Чакае афіцыйных вынікаў і сябра Партыі БНФ Зьміцер Бабіцкі з Барысава. Паводле папярэдняга падліку галасоў, ён набраў на 37 галасоў болей за свайго апанэнта ад улады па выбарах у Барысаўскі райсавет.

У Вялейцы ў раённы савет трапіў апазыцыйны кандыдат Ёсіф Мацяюн. У акрузе, дзе балятаваўся яшчэ адзін вялейскі апазыцыянэр Сяргей Клімёнак, учора ўвечары абвясьцілі пра яго перамогу, але ўжо сёньня заяўлена, што выйграў выбары кандыдат ад улады.

Лідэр Менскай абласной арганізацыі АГП Леў Марголін так пракамэнтаваў вынікі выбарчай кампаніі:

Марголін: “Мы ня ставіліся да гэтага як да выбараў. Назіраньне было толькі на асобных участках, каб яшчэ раз пераканацца, што нічога не зьмянілася, — і мы ў гэтым пераканаліся. Ніякіх нечаканасьцяў тут не магло быць”.

У Гомелі кандыдат у дэпутаты абласнога савету, сябра АГП Леанід Судаленка аспрэчвае афіцыйныя вынікі выбараў. Паводле назіральнікаў, у Валгаградзкай выбарчай акрузе №14 на пяці ўчастках у датэрміновым і асноўным галасаваньні ўзялі ўдзел 34—39 працэнтаў выбарцаў, а ня больш за пяцьдзясят, як цьвердзяць выбаркамы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG