Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Вольны горад”: Крычаўскі цэмэнтны завод можа збанкрутаваць


Радыё Свабода Агляд недзяржаўных выданьняў за 16-га студзеня.

Рэгіянальны тыднёвік “Вольны горад” дасьледуе сёньня сытуацыю ў вытворчым аб’яднаньні “Крычаўцэмэнташыфэр”. Рэдактар выданьня Сяргей Няроўны кажа пра мінорны настрой калектыву, у якім цяпер больш за тысячу працаўнікоў:

Няроўны: “Пасьля таго, як кошты на газ узрастуць, а таксама на сыравіну, то галоўнае прадпрыемства раёну можа страціць канкурэнтаздольнасьць. Кошт цэмэнту павялічыцца амаль ўдвая”.

Сёньня тыднёвік “Наша слова” паведамляе падрабязнасьці пра беларускія Каляды ў Іркуцку, Вільні і Варшаве.

Газэта друкуе 28 прозьвішчаў настаўнікаў гісторыі і геаграфіі ў школах Жыткавіцкага раёну, якія склалі ахвяраваньні на карысьць Таварыства беларускай мовы.

У сьвежым нумары “Нашага слова” таксама нататкі Ўладзімера Содаля. Ён піша пра зьезд праўладнага саюзу пісьменьнікаў.

У найбліжэйшую суботу – 115-я ўгодкі зь дня народзінаў Браніслава Тарашкевіча і Рыгора Шырмы. Гаворыць аўтар артыкулу – рэдактар Станіслаў Суднік:

Суднік: “Асаблівасьцю зьяўляецца тое, што нарадзіліся яны ў адзін дзень. Абодва змагаліся за Беларушчыну, працавалі ў Заходняй Беларусі і ў Таварыстве беларускай школы. Сядзелі ў польскіх турмах. Але лёс у кожнага розны. Браніслаў Тарашкевіч быў расстраляны ў 1938-м. Рыгор Шырма стаў народным артыстам СССР і Героем сацыялістычнай працы. Памёр роўна праз 40 гадоў – у 1978-м”.

Газэта “Нясвіжскі час” паведамляе пра адкрыцьцё выставы “Пад небам Якуба Коласа”. Партрэты песьняра, яго творы і некаторыя асабістыя рэчы экспануюцца ў памяшканьні гісторыка-культурнага музэя-запаведніка. Як піша выданьне, адкрыцьцё выставы ў Нясьвіжы, дзе ў пэдагагічнай сэмінарыі вучыўся Якуб Колас – гэта першы крок ў сьвяткаваньні сёлета яго 125-годзьдзя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG