Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская нафта зноў пайшла на беларускія НПЗ


Радыё Свабода Пасьля падпісаньня беларуска-расейскага міжурадавага пагадненьня, згодна зь якім уся нафта, што прадаецца ў Беларусь, будзе абкладвацца экспартным мытам 53 даляры за тону, расейскія кампаніі аднавілі свае пастаўкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы. На думку незалежных эканамістаў, новыя ўмовы перапрацоўкі нафты ужо ня будуць такімі выгаднымі й для кампаніяў, і для бюджэту Беларусі, як гэта было летась.

На наваполацкім “Нафтане” сёньня прайшла агульназаводзкая нарада, на якой генэральны дырэктар Вячаслаў Якушаў распавёў пра вынікі перамоваў у Маскве, ва ўрадзе Расеі, і ў Сургуце, у офісах нафтавых кампаніяў, аб умовах паставак расейскай нафты ў 2007 годзе, паведаміла “Свабодзе” супрацоўніца адміністрацыі “Нафтану” Людміла Мацісовіч.

Мацісовіч: "Дырэктар езьдзіў у Сургут, я ня ведаю, як яны там вырашалі пытаньні, потым вяртаўся ў Маскву, зноў езьдзіў, ён быў з нашай дэлегацыяй, у якой былі два дырэктары беларускіх заводаў... Дамаўляліся, каб была перадаплата, каб усё хутка вырашалася".

Паводле спадарыні Мацісовіч, на Наваполацкі НПЗ ужо аднавіліся пастаўкі расейскай нафты, якія былі спыненыя 1 студзеня.

Мацісовіч: "Як толькі яны падпісалі вечарам, ужо нафта пайшла. Усё нармальна, пытаньняў ніякіх няма. У нас завод і не спыняўся".

Між тым менскі эканаміст Леанід Злотнікаў мяркуе, што супрацоўніцтва зь беларускімі заводамі цяпер ня будзе такім выгадным для расейскіх кампаніяў, а адпаведна, для беларускага бюджэту, як гэта было раней.

Злотнікаў: "Вось тут усё на мяжы эфэктыўнасьці. Эфэктыўнасьці можа й ня быць, але каб загрузіць нашы заводы працай, каб людзі мелі заробкі, гэта можа яшчэ быць".

Пастаўкі на ўнутрыбеларускі рынак будуць яшчэ эфэктыўнымі, а вось перапрацоўка давальніцкай нафты ў новых умовах будзе ўжо малавыгаднай, перакананы спадар Злотнікаў.

Злотнікаў: "Ужо няма і ня будзе таго прыбытку, які мелі і фірмы, і краіна ад перапрацоўкі нафты ў Беларусі. Амаль ніякага прыбытку ня будзе. Толькі што ў Расеі не хапае магутнасьцяў дзеля перапрацоўкі нафты, і што крыху больш прагрэсіўная тэхналёгія на беларускіх НПЗ — гэта будзе працаваць на нашу карысьць".

Аляксандар Лукашэнка заявіў учора, што ўжо ўзгодненыя ўмовы паставак нафты і кошты сыравіны на студзень і люты, якія "больш чым прымальныя" для беларускага боку. А прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандар Цімашэнка паведаміў Свабодзе, што ўрад рыхтуе для грамадзкасьці канкрэтнае апісаньне схемы паставак і аплаты расейскай нафты паводле дамоўленасьцяў Сяргея Сідорскага і Міхаіла Фрадкова.
XS
SM
MD
LG