Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БХК: Выбары не адпавядалі міжнародным стандартам


Алег Грузьдзіловіч, Менск Назіральнікі ад Беларускага Хэльсынскага камітэту лічаць, што выбары ў мясцовыя саветы не былі больш дэмакратычнымі, чым прэзыдэнцкія.

Болей за 500 назіральнікаў ад БХК назіралі за выбарамі ў мясцовыя саветы, якія прайшлі ў Беларусі 14-га студзеня. 15-га студзеня праваабаронцы падсумавалі свае назіраньні. Галоўная выснова – выбары не адпавядалі міжнародным стандартам і нават прайшлі з парушэньнем беларускага выбарчага закону.

"Парушэньні ішлі ад самага пачатку. І на стадыі фармаваньня камісій, і рэгістрацыі кандыдатаў, і падчас агітацыі – усё не цалкам адпавядала і беларускаму праву і міжнародным стандартам", – кажа выканаўчы дырэктар БХК Алег Гулак. Але найбольш прэтэнзіяў у праваабаронцы да працэсу падліку галасоў. Ён прысутнічаў пры падліку галасоў на участку ў Сухараўскай акрузе № 27 Менска, але назіраньнем сваю місію назваць не бярэцца.

Гулак: "За дзесяць мэтраў ад назіральнікаў праводзіцца падлік, але камісія стаіць сьпінамі да нас – у мяне ёсьць фотаздымак – і нічога не бачна. Я падымаюся і кажу, што хачу паглядзець, я не зьбіраюся вам замінаць, але я хачу бачыць бюлетэні. Адразу выклікаюць міліцыянта і ён сядзіць побач са мной. А тым часам падлік галасоў працягваецца".

Паводле падлікаў назіральнікаў на гэтай акрузе, выбары на ёй не адбыліся з-за малой яўкі выбарцаў, але ў выніковы пратаколе назіральнікі ўбачылі зусім іншыя лічбы. Іх просьбы пераправерыць лічбы былі адхіленыя – назіральнікам заявілі, што выбары ужо адбыліся.

“Тое, што па ўсёй Беларусі перамаглі некалькі незалежных кандыдатаў, нічога не мяняе. Гэта былі недэмакратычныя выбары, яны па-сутнасьці нічым не адрозьніваліся ад мінулых прэзыдэнцкіх выбараў, спрацавала тая самая сыстэма фальшаваньня”, – мяркуе Алег Гулак.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG