Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Хацелася б за апазыцыю аддаць голас, але не атрымалася, не далі"


Радыё Свабода Агляд званкоў на "Свабоду" за панядзелак, 15 студзеня. 24 гадзіны на суткі ў Менску працуе тэлефон "Свабоды" 266-39-52. Тэлефануйце, дзяліцеся навінамі, а таксама выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і сьвеце. Тэлефон "Свабоды" — гэта вольны мікрафон. Права выказацца мае кожны. Нам можна дасылаць СМС-паведамленьні на нумар — 8-029-391-22-24.

Спадар: "Працую я памочнікам машыніста ў лякаматыўным ДЭПО, і калі сёньня вяртаўся з чарговага рэйса з працы, мне патэлефанаваў нарадчык са словамі: "Ты чаму яшчэ не галасаваў?! Усё дэпо ўжо на вушы паднялі!" Пачуўшы гэтыя словы, я абурыўся і ў той жа час пакрыўдзіўся. Я адчуў сябе быдлам, якое гоніць наш "справядлівы і ўсімі абраны" прэзыдэнт. Тады ж я яшчэ раз зразумеў, што мы жывем у краіне дурняў, і дурнямі зьяўляемся мы самі, тыя, хто так доўга церпіць і корміць гэты варожы гадзюшнік".

Тацьцяна Барэль, Асіповічы: "Цікавая сытуацыя вынікае з паведамленьняў нашага тэлебачаньня аб выбарах. "На сёньня яўка складае да 60 %". А я ня веру. Бо па маіх назіраньня на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 года ў дзень галасаваньня на ўчастак прыйшло толькі 35 % выбарцаў. Большасьць – актыўныя пэнсіянэры. Праўда, з раніцы да вечара па хатах са скрынкамі бегаюць кур’еры, але 60 % – гэта не рэальна".

Спадар: "Пужаючы Расею падчас нафтагазавага крызысу, Лукашэнка даў загад падлічыць кошт утрыманьня расейскіх вайсковых аб’ектаў на сваёй тэрыторыі, кошт зямлі пад трубаправодамі, транзыт і гэтак далей. Хай бы ён даў загад фактычна выраўняць статус беларускай мовы з расейкай, альбо зусім зрабіць беларускую мову адзінай дзяржаўнай. Вось тады паглядзелі б мы, як запелі пуцін і яго падначаленыя. Мова была б галоўным козырам Лукашэнкі ў супрацьстаяньні з Масквой. Калі ён гэтага яшчэ не зразумеў, то ў яго ёсьць час падумаць і зрабіць пэўныя захады ў гэтым накірунку".

Спадарыня: "Выказваньне Лукашэнкі, што Масква і Менск маюць розныя падыходы да будаўніцтва Саюзнай дзяржавы сьведчыць пра тое, што ў яго вельмі маленькі набор словаў. Верагодна, гэты чалавек абсалютна нічога не чытае, і таму думкі, якія ён спрабуе выказаць, не заўжды зразумелыя. У дадзеным выпадку яго фразу было б прасьцей зразумець, калі б ён сказаў "розныя разуменьні". А пра розныя падыходы ён павінен быў сказаць Маскве ў 1996 годзе, а не вадзіць за нос ні Расею, ні народ Беларусі на працягу 10 год. Калі б прэзыдэнт той жа Вугоршчыны дазволіў сабе такое, народ Вугоршчыны адправіў бы яго ў адстаўку. А беларускі народ Лукашэнку ўсё дазваляе, а той ня згубіць магчымасьць. Зацюкаў і прэм’ера, і міністраў, і гаротны беларускі народ. Меў рацыю Аляксандр Казулін, калі казаў, што працаваць яму з гэтым дэспатам было немагчыма".

Спадарыня: "Я хачу расказаць, як я ўчора выбары рабіла. Мяне проста так хвалюе, што нічога не паведамілі. За каго галасаваць, хто ад апазыцыі. Нічога. Я прыйшла на выбары, нікога няма. Толькі сядзяць жанчыны, якія даюць бюлетэні. Я прыйшла і кажу: "Ну за каго галасаваць? За ката ў мяшку?" Яны глядзяць. Я кажу, што прыйшла аддаць голас, каб ніхто ня кінуў за мяне". Я ні за каго галасаваць ня буду. Мне нічога не паведамілі. Ні па тэлевізару, нідзе, хто ад апазыцыі, хто які. Адна паднялася жанчына, ідзе да сьцяны і кажа: "Вось газэтка, вось яго фатаграфія". Ён рабіў дырэктарам на мясцовай базе, а цяпер, прабачце, забыла дзе, і нават забыла яго прозьвішча. Ну, за яго. Мне ня трэба, дзе ён рабіў. "Але мне скажаце, ён ад каго? Ад бюракратаў ці дэмакратаў? Мне гэта хочацца ведаць. Маўчаць, нічога ня кажуць. Гляджу міліцыянт зь дзьвярэй выйшаў, слухае, што я гавару. Я далей кажу: "Прыйшла галасаваць. Але галасаваць ня буду. За каго галасаваць?" Яны маўчаць. Я зайшла, закрэсьліла. Ня ведаю, ці я добра зрабіла, але нам нічога не паведамілі, хто які ёсьць, хто ад апазыцыі ці ад дэмакратаў. І вось хвалююся сёньня. Хацелася б за апазыцыю аддаць голас, але не атрымалася, не далі".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG