Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Дубноў: “Я б ацаніў вынік гэтага канфлікту як нічыю на карысьць Лукашэнкі”


Юры Дракахруст, Масква Беларуска-расейскі крызыс, падпісаныя пагадненьні па гандлёвых пытаньнях і пэрспэктывы двухбаковых адносінаў камэнтуе намесьнік галоўнага рэдактара часопісу «Новое время» Вадзім Дубноў.

Дракахруст: «Як Вы ацэньваеце тыя формулы энэргэтычнага супрацоўніцтва, якія былі выпрацаваныя пагадненьнямі па газу і нафце?»

Дубноў: «Я б ацаніў вынік гэтага канфлікту як нічыю на карысьць Лукашэнкі. Сытуацыя вельмі дынамічная, але і дынаміка таксама на карысьць Лукашэнкі, бо калі проста паглядзець на тое, што меркавалася напачатку, і тое, што атрымалася, то з такім вынікам можна павіншаваць Менск. Замест 200 даляраў за тысячу кубамэтраў газу Лукашэнка атрымаў цану, зь якой ён у прынцыпе можа справіцца. Пры гэтым мыта зьніжана да той вялічыні, калі Беларусь можа акумуляваць сродкі для аплаты таго ж газу. Але самае галоўнае – што "Белтрансгаз" выведзены з продажу да 2010 году. А 2010 год – гэта сынонім вечнасьці.

Словы ўсе сказаныя – "гандлёвая вайна", "ненадзейны партнэр". У гэтым сэнсе саюз вычарпаны канчаткова і афіцыйна. Зь іншага боку, я ўпэўнены, што казаць пра саюз будуць яшчэ доўга, асабліва ў Расеі ў перадвыбарчы год».

Дракахруст: «Вадзім, а чаму, на Ваш погляд, Масква саступіла?»

Дубноў: «Калі ўсе ў Маскве гавораць, што Беларусь залежная ад Расеі, гэта не зусім так, насамрэч, гэта сымбіёз. У гэтага сымбіёзу ёсьць свае законы, і "Газпром" зараз паспрабаваў іх парушыць, яны былі супакоеныя разьлікамі, што беларуская эканоміка на 80% залежыць ад Расеі, але яны не падлічылі, наколькі Расея залежыць ад Беларусі. Я кажу ня толькі пра нафту, па транзыту якой Беларусь – ледзь не манапаліст. Беларусь яшчэ і пастаўшчык трактараў, таннай тэхнікі для расейскай вёскі, Беларусь актыўна ўдзельнічае ў многіх камэрцыйных схемах далікатнага кшталту, раней гэта былі зьдзелкі па продажы зброі.

Зараз гэтыя схемы таксама існуюць, і зацікаўленасьць у іх расейскіх кампаній ніяк ня меншая, чым беларускіх. Разарваць адразу гэты сымбіёз, баюся, не атрымаецца.

Такія палітычныя халерыкі як Лукашэнка часам па настроі прымаюць даволі прагматычныя рашэньні. Тая самая ідэя транзытнага мыта на нафту з эканамічнага пункту гледжаньня вар''яцкая, але яна мае сваю лёгіку. Лукашэнка такім чынам паказаў Расеі, што ён ні перад чым ня спыніцца. І Масква гэты сыгнал прыняла».

Дракахруст: «Вадзім, падчас канфліктаў Расеі з Украінай і Грузіяй пазыцыі расейскіх палітычных сілаў і адпаведных групаў грамадзтва былі аднароднымі і зразумелымі. Тыя, каго ў вас называюць дзяржаўнікамі, падтрымлівалі Крэмль, лібэралы і празаходнікі – адпаведна Ўкраіну і Грузію. У цяперашнім канфлікце атрымлівалася нейкая блытаніна: частка дзяржаўнікаў была на баку Крамля, іншая, пераважна левыя – на баку Лукашэнкі: маўляў, будзем зь ім сварыцца – згубім геапалітычны ўплыў. У той жа час частка празаходнікаў заклікала Крэмль даціснуць дыктатарскі рэжым Лукашэнкі, а іншыя – абаранялі яго ад імпэрскага крамлёўскага ціску. Якая тут лёгіка?»

Дубноў: «Дзякаваць Богу, што гарачая фаза гэтай вайны завяршылася, і мы не пачулі разгорнутай аргумэнтацыі пазыцый. Сярод нашых дзяржаўнікаў у пытаньні Беларусі сапраўды адбыўся раскол. Уявіць сабе, як па нашых вуліцах бегаюць міліціянэры і ловяць нелегальных беларусаў – ну немагчыма гэта. Але я б не зьдзівіўся, калі б нават гэта пачалося. Прапагандысцкая частка гэтага канфлікту падаецца мне буфанаднай, але цікава было паслухаць і паглядзець на грамадзкую думку, якая таксама раскалося, паводле папярэдніх ацэнак сацыёлягаў, 50 на 50. Адны гавораць "беларусы – нашы браты", іншыя "Эўропа нам важней", "імпэрыя нам важней". Там сышліся і нелюбоў да Лукашэнкі, і нелюбоў да Эўропы – такі тыповы расейскі кампот, які не разблытаеш, але, дзякаваць Богу, гэтая гісторыя даволі хутка скончылася».

Дракахруст: «Вадзім, ці ня лічыце Вы, што Лукашэнка ў выніку гэтага канфлікту назапасіў вялікі, як кажуць палітолягі, сымбалічны капітал, замацаваў свой вобраз барацьбіта за народнае шчасьце?»

Дубноў: «Я б хацеў яшчэ дадаць пра двухсэнсоўную пазыцыю беларускай апазыцыі ў гэтым канфлікце. Празаходняя апазыцыя ў гэтай сытуацыі была вымушаная міжволі гуляць на расейскім баку, прычым абгрунтавана – яны абвінавачвалі Лукашэнку, што той не падрыхтаваўся да рэформаў, але ў гэтай сытуацыі Лукашэнка можа прадставіць апазыцыянэраў здраднікамі. Апазыцыя такім чынам прайграла яшчэ раз.

Але я ня стаў бы пераацэньваць палітычныя "біцэпсы", якія нарасьціў Лукашэнка ў выніку гэтага канфлікту. У яго даволі складнае становішча, і ўнутрыэлітныя расклады ня сталі для яго больш спрыяльнымі, бражэньне там зараз узмацніцца.

На мой погляд, зараз упершыню можна казаць пра тое, што будзе пасьля Лукашэнкі – праз 7 гадоў, праз 10 гадоў. Зараз Лукашэнка згуляў на сувэрэнітэт, ён зараз галоўны яго паборнік. Гэта сьмешна гучыць, але тым ня менш гэта так. І, як паказваюць 15 гадоў пасьля 1991 году, сам факт сувэрэнітэту зъяўляецца першасным. Там, дзе незалежнасьць адбылася, зъявіліся шанцы на нармальную эканоміку і нават нейкае дэмакратычнае разьвіцьцё. Лукашэнка ўсімі сваімі паводзінамі вядзе краіну да такога стану, што калі ён нейкім чынам зьнікне, то сытуацыя будзе вельмі спрыяльнай для "аранжавага" рыўка, прычым гэтай "аранжавасьці" зможа пазайздросьціць і брацкая Ўкраіна».
XS
SM
MD
LG