Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Лукашэнка: Масква патрабуе ад Беларусі ўваходжаньня ў склад Расеі


Валер Каліноўскі, Менск Сёньня на выбарчым участку ў Менску Аляксандар Лукашэнка зрабіў сваю ацэнку нафтавага крызысу паміж Беларусьсю і Расеяй.

Лукашэнка : “З гэтых перамоваў і кансультацыяў я зразумеў, што ў нас розныя падыходы і разуменьне саюзнай дзяржавы. Саюз павінен будавацца на прынцыпах роўнапраўя. Мы ніклолі не казалі пра магчымасьць уваходжаньня нашай краіны ў Расейскую Федэрацыю. Гэта ў галовах вышэйшага кіраўніцтва Расеі, якое патрабауе ад нас уваходжаньня ў склад Расеі. Я не хачу пахаваць сувэрэнітэт і незалежнасьць краіны як першы прэзыдэнт Беларусі”.

Гаворачы пра саюзьніцкія дачыненьні з Расеяй А.Лукашэнка заявіў:

Лукашэнка: “Калі Расея кожны год будзе хапацца за вентыль і адключаць свайму саюзьніку то газ, то нафту, ніякай размовы пра сюзную дзяржаву быць ня можа”.

Тым не меней спадар Лукашэнка мяркуе, што крызысны пэрыяд у адносінах з Расеяй у гандлёва-эканамічнай сфэры прайшоў.

Лукашэнка: “Ён быў кароткім, але вельмі інтэнсыўным і небясьпечным. Расейскі бок дзейнічае з пазыцыі сілы, ведаючы, што гэта беспакарана”.

Аляксандар Лукашэнка заявіў таксама, што калі ціск з боку Расеі будзе працягвацца, Беларусь увядзе плату за зямлю пад нафтаправодам. Паводле ягоных словаў, такі крок ня будзе супярэчыць міжнароднаму праву.

Разам з гэтым спадар Лукашэнка назваў “самым дурацкім” у гісторыі Расеі Паўночна-эўрапейскі газаправод па дне Балтыкі, паколькі той ідзе па боепрыпасах часоў Другой усясьветнай вайны, якія там ляжаць.
XS
SM
MD
LG