Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Назіральнікі фіксуюць парушэньні падчас выбараў (абноўлены)


Радыё Свабода, Менск Праваабаронцы працягваюць фіксаваць парушэньні пры правядзеньні выбарчай кампаніі. Сябры Беларускага Хэльсынскага камітэту заявілі, што ў апошнія дні датэрміновага галасаваньня актыўна выкарыстоўваўся адміністрацыйны рэсурс. Лідэр Аб''днанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька зафіксаваў парушэньні практычна на ўсіх выбарчых участках, якія ён наведаў у Менску.

Беларускі Хэльсынскі камітэт вядзе маніторынг выбарчай кампаніі. Сябра БХК Алег Гулак заявіў, што галоўная праблема для назіральнікаў у тым, што яны не атрымліваюць патрэбнай інфармацыі.

Гулак: "Уся інфармацыя, якая тычыцца колькасьці выбарцаў, бюлетэняў, выдадзеных на ўчастку, назіральнікам, давераным асобам і кандыдатам недаступная. Камісіі кажуць — тэлефануйце ў выканкам і там цікаўцеся. Пакуль празрыстасьці ў гэтых выбарах няма. Людзі скардзяцца, што катастрафічна не хапае інфармацыі пра кандыдатаў. Ну, а зараз мы ня ведаем колькі людзей датэрмінова прагаласавала. Атрымліваецца вельмі дзіўная карціна, Цэнтрвыбаркам агучвае лічбы па краіне, але атрымаць лічбу з канкрэтнага ўчастку немагчыма. Гэта нонсэнс. Адразу ўзьнікаюць падазрэньні на тое, што рыхтуюцца нейкія фальсыфікацыі, махляваньне".

Вядомыя таксама факты затрыманьня назіральнікаў БХК. У Віцебску ў ізалятары часовага ўтрыманьня знаходзіцца сябар БХК Павал Левінаў. Міліцыянты склалі на яго пратакол паводле артыкулу "дробнае хуліганства". Але самому спадару Левінаму сказалі, што затрымалі за распаўсюд улётак.

У Воршы назіральнік Мікалай Дзямідаў патрабуе прызнаць вынікі выбараў у Віцебскі абласны савет несапраўднымі. Ён цьвердзіць, што на чатырох ўчастках Аршанскай выбарчай акругі №32 выбарцам раздавалі бюлетэні з прозьвішчамі кандыдатаў, якія балятуюцца па Паўночнай выбарчай акрузе №31. Блытаніна пачалася яшчэ падчас датэрміновага галасаваньня, і больш за паўтары тысячы выбарцаў прагаласавалі за кандыдатаў не сваёй акругі.

Мікалай Дзямідаў зьвярнуўся да ўчастковых камісіяў, каб выправіць сытуацыю, аднак ягоны зварот застаўся без увагі.

Дзямідаў: "Я прапанаваў камісіям хаця б сёньня выправіцца, але яны ня хочуць, і працягваюць ускладняць сытуацыю. У камісіях кажуць: "Мы нічога ня ведаем, бо мы — гарадзкая камісія, а ва ўсім вінаватыя акруговыя камісіі 31-й і 32-й акругаў. Гэта яны не спрацавалі належным чынам у межах сваіх акругаў, якія былі апублікаваныя ў друку. І атрымліваецца такая блытаніна – не за сваіх кандыдатаў галасуюць!"

У Калінкавічах на выбарчым участку №5 камісія не дапусьціла да ўдзелу ў працэдуры апячатаньня скрыняў для галасаваньня Зьміцера Шкулькова, давераную асобу кандыдата ў дэпутаты абласнога Савету, лідэра мясцовай арганізацыі АГП Аляксея Маневіча. Камісія спаслалася на тое, што спадар Шкулькоў як давераная асоба не атрымаў напярэдадні акрэдытацыю на ўчастку.

У Смалявіцкім раёне Менскай вобласьці, дзе балятуецца сябра АГП Аляксандр Ваўчанін з Жодзіна, назіральнікі спрабавалі пераканацца, што скрыня для галасаваньня была пустая.

Ваўчанін: “У Прыборскай сельскай акрузе мае назіральнікі, якія афіцыйна сочаць тут за выбарамі, запатрабавалі яшчэ раніцай, каб зьмянілі пячаткі. Камісія пячаткі зьмяніла, пераканаліся, што скрыні пустыя. А 11-й гадзіне сябры камісіі селі ў машыну, а нашым назіральнікам сказалі, што ў ёй няма месца. Селі і паехалі. Мы выклікалі аўтамабіль з Жодзіна і памчаліся наўздагон за гэтымі сябрамі камісіі. Як можа быць скрыня без нашага нагляду?”

Спадар Ваўчанін лічыць гэта грубым парушэньнем выбарчага заканадаўства. Ён накіраваў скаргу ў Цэнтрвыбаркам.

У Гомелі ў мікрараёне “Клёнкаўскі” ўчастковыя камісіі дрэнна паінфармавалі выбарцаў, дзе ім належыць галасаваць. І паколькі ў мікрараёне паўдзесятка ўчасткаў, выбарцы хадзілі ад участка да ўчастка, шукаючы свой.

У такую сытуацыю патрапіў і 86-гадовы жыхар дома №13 па вуліцы Чачэрскай Іван Нячаеў:

Нячаеў: “Я шукаю участак. Мне не прыслалі ніякага запрашэньня. Няма яго. Куды ісьці – ня ведаю. Я пайшоў у дзіцячы садок – там 35-ы ці якісьці іншы ўчастак. Там кажуць 15-ты дом ёсьць, а майго, трынаццатага, няма. Прыйшоў сюды шукаць, у школу. Чачэрская вуліца, дом 9 тут ёсьць у сьпісах. А 13-ы дом дзе галасуе? Мне восемдзесят шэсьць гадоў ужо, во, бачыце, з кульбакаю хаджу – шукаю, дзе я павінен прагаласаваць”.

Старшыня Берасьцейскай абласной філіі БНФ Юрась Губарэвіч паведаміў пра выпадак у Кобрыне на выбарчым участку №25. Адсюль быў выдалены Мікалай Хвядчук, давераная асоба кандыдата Рамана Даніловіча.

Губарэвіч: “Ёсьць абсалютна абсурднае тлумачэньне камісіі, што ўчора адбывалася нейкая перарэгістрацыя назіральнікаў і ад гэтага кандыдата назіральнікі не прыйшлі на перарэгістрацыю. Але гэта не адпавядае ніякім нормам выбарчага кодэксу”.

Удзел у мясцовых выбарах у Беларусі ўзялі ўдзел 57 сяброў АГП, 40 сяброў Партыі БНФ і 32 сябры ПКБ. Большая частка дэмакратычных кандыдатаў з розных прычынаў не дайшла да апошняга этапу выбарчай кампаніі – саміх выбараў.

Пра сытуацыю на Гарадзеншчыне Сяргей Астраўцоў.

Астраўцоў: “У Горадні ўдзельнічаюць у выбарах чатыры сябры партыі БНФ, два прадстаўнікі АГП, адзін сацыял-дэмакрат і адзін беспартыйны. Як паведаміў адзін з кандыдатаў Юры Істомін, на 91-м участку выдалілі назіральніцу ад АГП Кацярыну Калаш. Гэта зрабіла старшыня ўчастковай камісіі Рабава.

У Мастах сябры руху “За свабоду” напісалі сёньня скаргу ў Цэнтрвыбаркам і ў пракуратуру. Кандыдат ў дэпутаты райсавету Зьміцер Кухлей зазначае, што на 6-м участку, дзе ён балятуецца, учора ўвечары працяглы час знаходзілася ў пакоі са скрынкамі для датэрміновага галасаваньня сакратарка камісіі Галіна Путрэша. Хаця пакой гэта павінен быў быць апячатаным.

Алесь Зарэмбюк, які паўторна балятуецца ў Мастоўскі райсавет, сьцьвярджае, што ня ўсе выбаршчыкі ўнесены ў сьпісы для галасаваньня. Напрыклад, у раённай газэце было надрукавана, што на Цэнтральным участку N10, дзе ён балятуецца, 935 выбаршчыкаў. Аднак у сьпісах іх толькі 720, лічба зьменшана больш як на дваццаць адсоткаў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG