Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебск: моладзевых актывістак затрымалі за расьцяжку


Радыё Свабода Трох віцебскіх моладзевых актывістак затрымалі за расьцяжку "Выбары ёсьць, а выбару няма!" Міліцыянты адсачылі, як а 7-й раніцы трое дзяўчат замацоўвалі расьцяжку паміж слупамі ў раёне Плошчы тысячагодзьдзя Віцебску. Іх адразу затрымалі й завезьлі ў пастарунак.

18-гадовую Юлію Матусевіч праз колькі часу завезьлі ў Чыгуначны раённы суд. Ёй абвешчана папярэджаньне паводле першай часткі 167-га артыкулу адміністрацыйнага заканадаўства: "парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў, сходаў, мітынгаў, дэманстрацый і пікетаваньня".

Няпоўнагадовым Ганьне Чэпелавай і Алене Багданавай сказалі, што іх пазьней выклічуць на гутарку ў міліцыю разам з бацькамі.

Тлумачыць міліцыянтам свой учынак у адсутнасьць дарослых дзяўчыты адмовіліся, а для Радыё Свабода Ганна Чэпелава сказала наступнае.

Чэпелава: "Нас траіх схапілі, склалі пратакол на кожную. На працягу ўсёй размовы міліцыянты лаяліся матам, прыніжалі нас, прымушалі ў нечым прызнацца. А мы лічым, што нашы дзеяньні не парушалі грамадзкі спакой. Проста ў нас такая ў Віцебску сытуацыя своеасаблівая з гэтымі выбарамі: амаль на кожнай акрузе толькі па адным кандыдаце, і выбіраць практычна няма з каго. Таму на расьцяжцы былі словы: "Выбары ёсьць, а выбару няма!"

На выбарах у Віцебскі гарсавет толькі ў сямі выбарчых акругах з сарака барацьбу паміж сабой будуць весьці два прэтэндэнты. Дзеля выбараў у абласны савет сфармавана 60 акругаў, і толькі ў 11-ці балятуюцца два або тры кандыдаты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG