Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь не пагадзілася на субсыдыі ў абмен на прыняцьце ўмоваў Расеі


Юры Дракахруст, Масква Сёньня ў Маскве другі дзень працягваюцца перамовы паміж беларускай і расейскай ўрадавымі дэлегацыямі нафтавых і іншых гандлёвых праблемаў. Учора перамовы доўжыліся 12 гадзінаў і зацягнуліся за поўнач, сёньня Яны працягваюцца ўжо 6 гадзінаў. Сёньня з раніцы Сяргей Сідорскі і Міхаіл Фрадкоў правялі перамовы сам-насам, потым да іх далучыліся сябры дэлегацыяў. Размова ідзе ў абсалютна закрытым рэжыме – у другой палове дня нават тых журналістаў, які пускаюць у расейскі дом ураду, адтуль выдалілі.

Варта нагадаць, што ў аўторак увечары, пасьля размовы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна, паведамлялася, што кіраўнікі дзвюх дзяржаваў знайшлі кампраміс і даручылі ўрадам надаць яму форму канкрэтнага пагадненьня да пятніцы. Да канца пятніцы засталося 6 гадзінаў. Тым часам зь серады аднавіўся транзыт расейскай нафты ў Эўропу, а Беларусь не купляе расейскую нафту з новага году. У чым галоўныя моманты спрэчкі, якія працягваецца ўжо другія суткі?

Дракахруст: “Як вынікае з учорашняй заявы Сяргея Сідорскага, зробленай пасьля прылёту ў Маскву, беларускі бок фактычна хоча вярнуцца да формулы 1995 году – да скасаваньня ўсіх мытных спагнаньняў ва ўзаемным гандлі. Што да падзелу мыта на экспарт нафтапрадуктаў, то тут беларускі бок прапануе дзяліць яго пароўну паміж дзьвума краінамі. Дарэчы, з 1995 году яно дзялілася ў прапорцыі 85% Расеі – 15% Беларусі, але з 2001 году Беларусь наагул не плаціла Расеі якую б там ні было долю гэтага мыта.

Пазыцыя Расеі ў гэтым пытаньні – супрацьлеглая. Яна, па-першае, не зьбіраецца скасоўваць экспартнае мыта на пастаўкі нафты ў Беларусь, уведзенае 8 сьнежня летась. Газэта “Ведомости” цытуе прадстаўніка расейскага ўраду, які кажа, што Масква ня хоча залежаць ад выхадак Менску і лічыць найлепшым спаганяць мыта на сваёй тэрыторыі , а не выпрошваць яго ў Беларусі. Праўда, паводле крыніц, блізкіх да перамоваў, магчымыя саступкі ў памеры мыта на пастаўкі сырой нафты ў Беларусь: зь 1 студзеня яно стандартнае – 180 даляраў за тону”.

Вядоўца: “Юры, а на чым настойвае Расея адносна мыта на нафтапрадукты, якія Беларусь вырабляе з расейскай нафты і прадае на Захад?”

Дракахруст: “Формулу падзелу 50:50, што прапаноўвае Менск, Масква лічыць непрымальнай і хоча вярнуцца да схемы 1995 году : 85% – Расеі, 15% – Беларусі. Экспэрты ня выключаюць, што і тут магчымыя саступкі на карысьць Беларусі ў дыяпазоне ад 20% да 30% замест 15%. Кошт гэтай розьніцы паміж 15% і 30% – 600 мільёнаў даляраў”.

Вядоўца: “І няма ніякіх кампрамісных варыянтаў?”

Дракахруст: “Як стала вядома, беларускі бок прапанаваў нейкі кампраміс – экспартнае мыта на нафтапрадукты пароўну, а ў пастаўках нафты ў Беларусь Расея не абкладае мытам 4 мільёны тонаў нафты, якія ідуць для ўласнага спажываньня ў Беларусі. Гэты варыянт расейцы адхілілі. Са свайго боку, расейскі міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Герман Грэф прапанаваў, каб Беларусь пагадзілася на расейскія ўмовы ў абмен на субсыдыі на працягу 4 гадоў, сёлета яны б склалі прыблізна 200-250 мільёнаў даляраў. Гэтая ідэя была адхіленая ўжо беларускім бокам”.

Вядоўца: “Юры, ну і чым гэтая сытуацыя можа скончыцца?”

Дракахруст: “Ня выключана, – прынамсі, гэтага ня выключаюць некаторыя экспэрты, – што перамовы нагул могуць праваліцца. Напрыклад, вядомы расейскі экспэрт у міжнародных справах, рэдактар часопісу «Россия в глобальной политике» Фёдар Лук''янаў не выключае нават таго, што Беларусь у выпадку правалу перамоваў можа зрабіць нешта накшталт аднаўленьня скасаванага транзытнага мыта, іншымі словамі, ізноў зрабіць немагчымым транзыт расейскай нафты ў Эўропу. У гэтым выпадку рэпутацыя Расеі як надзейнага пастаўніка энэргарэсурсаў у Эўропу будзе цалкам зьнішчаная.

Праўда, і ў Беларусі шмат што пры такім варыянце можа аказацца зьнішчаным. «Лукашэнка – чалавек азартны і калі закрануты ягоны гонар, то ён, насуперак розуму, можа зрабіць пэўныя дзеяньні», – гаворыць расейскі палітоляг”.

Вядоўца: “Юры, мы з Вамі размаўлялі пра хаду перамоваў. Але ці ёсьць нейкія іншыя эканамічныя рашэньні, якія прымаліся ўчора і сёньня, зьвязаныя з тэмай перамоваў?”

Дракахруст: “Так, Алена, такія рашэньні ёсьць, прычым вельмі красамоўныя. Учора віцэ-прэзыдэнт «Транснефти» Сяргей Грыгор''еў заявіў, што кампанія шукае шляхі нафтавага транзыту, дзякуючы якім ён ня будзе залежаць ад свавольства чыноўнікаў. Сёньняшняя «Независимая газета» паведамляе, што пры дапамозе міністэрства надвычайных сытуацыяў Расеі распрацоўваюцца варыянты транспартыроўкі нафты чыгункай, абмінаючы Беларусь.

А кіраўнік «Россельхознадзора» Сяргей Данквэрт паведаміў учора, што Расея будзе імпартаваць зь Беларусі мяса, малако і рыбу толькі з атэставаных «Россельхознадзором» беларускіх прадпрыемстваў. Такі парадак дзейнічае ў Расеі адносна заходніх краінаў і Ўкраіны. Гэта яшчэ ня мыта на пералічаныя тавары, але яшчэ адно абмежаваньне ў гандлі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG