Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як праходзяць выбары ў мясцовыя саветы?


Іна Студзінская, Менск 14 cтудзеня – выбары ў мясцовыя саветы. На 24 тысячы акругаў апазыцыйныя кандыдаты выставілі – усе разам – менш за тысячу кандыдатаў. Але й гэтая лічба, на думку экс-кандыдата Аляксандра Мілінкевіча, завышана амаль удвая. З розных прычынаў многія з зарэгістраваных кандыдатаў не даходзяць да апошняга этапу выбарчай кампаніі – саміх выбараў. Што адбываецца ў рэгіёнах за два дні да выбараў?

У Горадні ў гарадзкі савет балятуюцца тры прадстаўнікі партыі БНФ, два ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі, адзін — ад сацыял-дэмакратычнай і адзін незалежны кандыдат. Пра сытуацыю ў Гарадзенскай вобласьці распавядае Сяргей Астраўцоў:

Астраўцоў: “Прадстаўнікі ад партыі БНФ балятуюцца ў Лідзе, Слоніме і Смаргоні. У Слоніме таксама ўдзельнічаюць у выбарах сябры Партыі камуністаў беларускай, у Мастах — удзельнікі руху “За свабоду”. Я падлічыў: усіх, пра каго я гаварыў, недзе дваццаць пяць чалавек. Зь іх у абласны савет балятуюцца пяцёра”.

Цяпер азначылася новая тэндэнцыя: дэмакратычныя кандыдаты здымаюць свае кандыдатуры. Сёньня, да прыкладу, на Гомельшчыне кандыдат ад Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Уладзімер Шыцікаў адмовіўся балятавацца ў дэпутаты Гомельскага гарсавету ў Рэчыцкай акрузе №27.

Шыцікаў: “Я не жадаю прымаць удзелу ў гэтым цынічным спэктаклі пад назвай “выбары”. Выбары – непразрыстыя. Гарадзкая камісія забараніла мой 2-хвілінны выступ на радыё. На сустрэчы з выбарцамі не дапускалі маю давераную асобу – Аляксандра Мілінкевіча. У выбарчых камісіях няма прадстаўнікоў дэмакратычных партыяў. З майго перакананьня, вынікі выбараў вядомыя й без галасаваньня”, сказаў Уладзімер Шыцікаў.

Актыўна здымаюць свае кандыдатуры і ў Магілёве. З 62-х зарэгістраваных апазыцыйных кандыдатаў у дэпутаты працягваюць барацьбу за дэпутацкія мандаты 24 кандыдаты. У Бабруйску за дэпутацкія мандаты доўжаць барацьбу чацьвёра сяброў Сацыял-дэмакратычнай партыі “Грамада”. Сябры партыі Таісія Кабанчук ды Надзея Грынявіцкая зьняліся з выбараў. Гаворыць Таісія Кабанчук:

Кабанчук: “Выбары гэтыя наўрад ці будуць сапраўдныя. Мы й ставілі за мэту – правесьці інфармацыйную кампанію, а потым зьняцца”.

Пра адметнасьці выбарчай кампаніі на Меншчыне распавядае Міхал Стэльмак:

Дэмакратычнаму кандыдату з Фаніпалю Аляксею Татарэнку на этапе датэрміновага галасаваньня не пашанцавала: у бюлетэнях на выбарчых участках гэтага гораду ён не знайшоў свайго прозьвішча. Як пазьней высьветлілася, арганізатары выбараў наблыталі. Спадар Татарэнка тлумачыць:

Татарэнка: “Было напісана Тарасенка, а трэба Татарэнка”

Цяпер дэмакратычны актывіст ня ведае, як у гэтай акрузе будуць вызначаць вынікі выбараў з улікам датэрміновага галасаваньня за кандыдата, якога не існуе.

У Барысаве мясцовы суд сёньня раніцай пачаў разгляд справы кіраўніка раённай суполкі Партыі БНФ Сержука Салаша, даверанай асобай кандыдата ў дэпутаты Барысаўскага гарсавету Зьмітра Бабіцкага. Паводле яго паплечніка Алега Мацкевіча, які быў сьведкам затрыманьня Салаша, невядомы справакаваў бойку. Ноч Сяргей правёў у пастарунку. Сёньня Алег Мацкевіч прысутнічаў у судзе ў якасьці сьведкі:

Мацкевіч: “Першае паседжаньне адбылося раніцай, у кабінэце судзьдзі. Таго чалавека, які ўчора напаў на Салаша, не было – яго ўчора выпусьцілі. Цяпер высьвятляецца, што гэты чалавек прапісаны ў Віцебску. І паседжаньне адкладзена судзьдзём. Дзеля таго, каб знайсьці гэтага чалавека”.

На Берасьцейшчыне больш за 40 прадстаўнікоў апазыцыі працягваюць удзельнічаць у выбарах дэпутатаў мясцовых саветаў. Каб падтрымаць іх, рэгіён наведвае лідэр Аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандар Мілінкевіч.

Цягам дня сувязь з Радыё Свабода падтрымліваў старшыня абласной філіі БНФ Юрась Губарэвіч. Першае яго тэлефанаваньне а 12-й гадзіне было пра затрыманьне аўтамабіля Аляксандра Мілінкевіча ў Камянецкім раёне:

Губарэвіч: “Ужо двойчы міліцыянты прыпынялі аўтамабіль Мілінкевіча. Даглядалі багажнік аўтамабіля і правяралі дакумэнты”.

У 15 гадзін у Берасьце наўмысна зрываецца пачатак сустрэчы Мілінкевіча з выбарцамі ў клюбе сувязістаў на вуліцы Савецкіх памежнікаў.

Губарэвіч: “Пачатак сустрэчы быў зацягнуты на 25 хвілін. Мы ня здолелі патрапіць у залю, і сустрэча адбываецца ў фае. З маіх ацэнак, прысутнічае каля 100 чалавек. У нас у пляне тры сустрэчы. Апошняя ў Пінску таксама пад пагрозай зрыву, таму што кандыдат у дэпутаты ад партыі БНФ Аляксандар Рамановіч, даверанай асобай якога зьяўляецца Аляксандар Мілінкевіч, затрыманы міліцыяй”.

Паўсюль актыўна ідзе датэрміновае галасаваньне: за першыя тры дні прагаласавала амаль 13% выбарцаў. Сябра грамадзкага аб’яднаньня “Беларускі Гэльсынскі Камітэт” Ганна Мартыноўская распавяла, што на выбарчы ўчастак у вёсцы Карабы Глыбоцкага раёну прывезьлі на машыне 16 кабет-пенсіянэрак – на “добраахвотнае” датэрміновае галасаваньне.

Мартыноўская: “Я ж чула, як яны казалі: “Ай, прывезьлі – і добра! Зараз прагаласуем, і ўсё! Толькі мы ня ведаем, хто ён такі, за каго галасаваць будзем!” Я пытаюся: “Дык як жа вы будзеце галасаваць, калі нават прозьвішча ня ведаеце?” “Ай, дык мы спытаем. І нам усё пакажуць!” – кажуць. Людзі ж гавораць, не ўсьведамляючы, што гэта парушэньне заканадаўства!”

Да прыкладу, 11 студзеня курсантаў Менскай школы міліцыі галасаваць вадзілі строем. У райвыканкамах у чацьвер і пятніцу праходзілі нарады па выніках датэрміновага галасаваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG