Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі друк: “Масква далёкая ад прафэсійных эканамічных паводзінаў”


Радыё Свабода Эўрапейскі друк працягвае камэнтаваць нафтавую спрэчку паміж Расеяй і Беларусьсю, з-за якой на некалькі дзён былі спыненыя пастаўкі нафты па трубаправодзе Дружба ў шэраг краінаў ЭЗ.



“Neue Zuercher Zeitung” піша пра ўчорашняе паседжаньне крызіснага штабу Эўразьвязу ў Брусэлі, у часе якога была прынята заява на адрас Масквы і Менску.

“ЭЗ запатрабаваў ад Менску і Масквы надзейнасьці і перасьцярог Расею і Беларусь ад паўтору спыненьня паставак нафты. Нямецкі эканамічны дзяржсакратар Ёахім Вюрмэлінг, як прадстаўнік старшынства Нямеччыны ў ЭЗ, заявіў, што хоць забесьпячэньне палівам краінаў ЭЗ і не знаходзілася пад пагрозай, сам па сабе інцыдэнт паказаў, што Масква вельмі далёкая ад прафэсійных эканамічных паводзінаў, і ўсе дзелавыя кантакты з Расеяй рызыкоўныя.

Вюрмэлінг падкрэсьліў, што залежнасьць паміж Эўразьвязам, Беларусьсю і Расеяй, аднак, ня ёсьць аднабаковай. Эўразьвяз зьяўляецца найбуйнейшым гандлёвым партнэрам як для Масквы, так і для Менску, а таму кіраўніцтва абедзьвюх краінаў мусіць працаваць над тым, каб аднавіць давер”.



“Палітычнае і эканамічнае шоў, якое было прадэманстраванае расейцамі і беларусамі, наносіць урон іхнаму міжнароднаму іміджу. Яшчэ зусім нядаўна Пуцін заяўляў у Бэрліне, што Нямеччына, дзякуючы трубаправодам, якія зьвязваюць яе з Расеяй, зможа адыгрываць цэнтральную ролю ў энэргазабесьпячэньні і размеркаваньні энэрганосьбітаў па Эўропе. Але ці можна гэта рабіць з падобнымі гандлёвымі партнэрамі? Фанабэрыя расейскага і беларускага кіраўніцтва павінна атрымаць адпаведную ацэнку да таго як тыя ў чарговы раз не перакрыюць нафтаправод”.



“Нафта і газ – больш эфэктыўная зброя, чым гарматы і ракеты. Беларусы былі вымушаныя саступіць Расеі, як раней гэта зрабілі ўкраінцы ды грузіны. Усё астатняе –пытаньне часу. І Заходняй Эўропе трэба да гэтага прызвычаіцца”.



“За энэргетычным шантажом, які закрануў Эўропу, магчыма, хаваецца плян аб’яднаньня Расеі зь Беларусьсю і зьвядзеньня рахункаў зь яе кіраўніком Лукашэнкам.

А што калі «крок першы, крок другі», газ і нафта, крызіс паміж Масквой і Менскам азначае пачатак палітычнага наступу Пуціна з мэтай ліквідаваць Лукашэнку? Раптам усё, што адбываецца, ня мае нічога агульнага з энэргетычным шантажом, а размова ідзе пра ўнутраныя гульні ў былым СССР?

…Пуцін Лукашэнку такі ж сябар, як агонь вадзе. Нарэшце, хто будзе пратэставаць на Захадзе, калі Пуцін дапаможа зьліквідаваць таго, каго Захад сыстэматычна называе апошнім дыктатарам Эўропы? Ніхто. Расейскі прэзыдэнт, які мае на мэце, перш за ўсё, уласныя інтарэсы, выступіць у ролі дэмакратызатара Беларусі – вось ён сапраўдны «ход канём», які дастойны вялікага шахматыста”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG