Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Economist: Братэрства без любові


Радыё Свабода /images/photo/Economist.jpg Папярэджаны яшчэ адзін расейскі газавы канфлікт, але наўзамен выбухнула кароткачасовая нафтавая вайна. Эўропе трэба захоўваць асьцярожнасьць, — піша ўплывовы брытанскі часопіс “Economist”. (Падаем пераклад артыкула ў скароце).

“Лічыцца, што Расея і яе сусед у былым СССР Беларусь зьяўляюцца брацкімі славянскімі народамі, што знаходзяцца ў працэсе фармаваньня саюзнай дзяржавы. І, сапраўды, паміж імі ёсьць надзіва шмат агульнага. У абедзьвюх краінах кіруюць раздражняльныя аўтарытарныя прэзыдэнты – ў Расеі Ўладзімер Пуцін, а ў Беларусі жорсткі Аляксандар Лукашэнка. Абодва схільныя да рызыкоўнай дыпляматыі і палітыкі балянсаваньня на мяжы канфлікту. На гэтым тыдні такое падабенства сапраўды паставіла іх на край прорвы і падштурхнула да далёка не брацкай гандлёвай спрэчкі. Хоць спрэчка гэта не была працяглай, але мела важныя наступствы для энэргетычных гандлёвых спраў Расеі з Эўропай, а, магчыма, і для будучыні адсталай Беларусі. […]

Той сьціплы рост эканомікі, які Лукашэнка называе “беларускім эканамічным цудам”, і які разам з татальным кантролем уладаў над сродкамі масавай інфармацыі і перасьледам апазыцыі дазваляе захаваць ягоны рэжым, насамрэч у значнай ступені грунтуецца на танным газавым імпарце з Расеі. […]

Гэтая кароткая, але непрыемная сварка дала шэраг відавочных урокаў. Адзін зь іх заключаецца ў тым, што пры цяперашнім настроі расейцаў улада Лукашэнкі над Беларусьсю можа апынуцца ў небясьпецы. У той час, як астатнія ў часе леташняга пераабраньня Лукашэнку аблаялі, Пуцін яго падтрымаў. Аднак, матывы такіх паводзінаў Пуціна хутчэй тлумачацца не ягонай прыхільнасьцю да Лукашэнкі, а непрыняцьцем умяшаньня Эўропы ў справы расейскага “блізкага замежжа” і імкненьнем запабегчы гэтак званым “каляровым рэвалюцыям”, кшталту той, што накрыла Ўкраіну ў 2004 годзе. Кажуць, што асабістыя стасункі паміж двума прэзыдэнтамі ня лепшыя, а плян стварэньня саюзнай дзяржавы, які Пуцін атрымаў у спадчыну ад свайго папярэдніка Барыса Ельцына, падаецца сёньня фантастыкай. (Таксама кажуць, што Лукашэнка ахаладзеў да гэтай задумы пасьля таго, як стала зразумела, што пасьля аб’яднаньня ён наўрад ці застанецца прэзыдэнтам.) Пакуль няма надзейнай альтэрнатывы, Пуцін наўрад ці захоча пазбаўляцца ад Лукашэнкі. Але новыя цэны на газ самі па сабе могуць нанесьці сур’ёзны ўдар па беларускіх заводах і калгасах, якія знаходзяцца ў дзяржаўнай уласнасьці, а таксама выклікаць варожае стаўленьне простых беларусаў.

Гэтая гісторыя таксама пацьвярджае ўсё болей згубны характар дзелавых стасункаў Расеі са сваімі былымі васаламі. Энэргетычныя спрэчкі зьяўляюцца як прычынай, гэтак і вынікам дадзенай тэндэнцыі. […]

Аднак, самы вялікі для Эўропы ўрок заключаецца ў тым, што празьмерная залежнасьць ад расейскіх энэргарэсурсаў зьяўляецца небясьпечнай. […] У выпадку зь Беларусьсю Расея заслугоўвае пэўнага спачуваньня. Яе да апошняга году крытыкавалі за тое, што яна цацкаецца з Лукашэнкам, прапануючы яму спрыяльныя ўмовы пастаўкі газу. А рэ-эскпарт Беларусьсю нафты, якую яна атрымлівае з Расеі бяз мыта, зьяўляўся, паводле аднаго з замежных аглядальнікаў, што працуе ў Менску, відавочным “махлярствам”.

Але якімі б разумнымі ні былі мэты Расеі, яе шантаж і капрызныя паводзіны, плюс няўстойлівыя ўзаемадачыненьні з транзытнымі краінамі, таксама легкадумнае стаўленьне да эўрапейскіх спажыўцоў зусім абгрунтавана выклікаюць трывогу ў эўрапейскіх лідэраў. […]
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG