Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суд вынес пастанову пра высяленьне "Витебского курьера"


Радыё Свабода, Віцебск У Віцебскі абласны гаспадарчы суд зьвярнулася прадпрыемства "Элсан", у якога рэдакцыя недзяржаўнай газэты арэндавала некалькі пакояў.

Яшчэ 6 сьнежня арэндадаўцы запатрабавалі, каб газэта выселілася з іхнага будынку на падставе таго, што дамова пра арэнду нібыта складзеная з парушэньнем заканадаўства. Паводле адміністрацыі "Элсану", "Витебский курьер" мусіў узгадніць месца свайго знаходжаньня з раённай адміністрацыяй, аднак не зрабіў гэтага.

Рэдактар газэты Уладзімер Базан не пагадзіўся з прэтэнзіямі ды патрабаваньнямі арэндадаўцаў, і да сёньняшняга дня газэта знаходзіцца на ранейшым месцы.

Паводле пастановы, вынесенай суддзёй гаспадарчага суду Вольгай Гацілай, "Витебский курьер" абавязаны пакінуць памяшканьні "Элсану" цягам 10 дзён. Аднак рэдакцыя прыняла рашэньне пакуль што не пераяжджаць і паспрабаваць абскардзіць пастанову абласнога гаспадарчага суду ў вышэйшай судовай інстанцыі.

Нагадаем, што газэта "Витебский курьер" за апошнія два гады вымушаная была пераяжджаць тройчы, бо гаспадары памяшканьняў з розных прычынаў адмаўляліся працягваць дамовы арэнды зь недзяржаўным выданьнем. Апошнюю адмову рэдактар Уладзімер Базан зьвязвае з набліжэньнем мясцовых выбараў і прынцыповай пазыцыяй выданьня асьвятляць падобныя падзеі аб"ектыўна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG