Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкі актывіст з Мазыра адноўлены кандыдатам у дэпутаты аблсавету


Радыё Свабода, Мазыр Сёньня Гомельская абласная выбарчая камісія адмяніла рашэньне камісіі Палескай выбарчай акругі №43 аб скасаваньні рэгістрацыі кандыдатам у дэпутаты абласнога савету грамадзкага актывіста з Мазыра Уладзімера Целепуна.

5 студзеня, напярэдадні прыезду ў Мазыр ягонай даверанай асобы Аляксандра Мілінкевіча, акруговая камісія абвінаваціла Целепуна “ў выпуску й распаўсюдзе паведамленьняў і матэрыялаў, якія распальваюць сацыяльную варожасьць”.

Гаворыць Уладзімер Целяпун: “Мяне зьнялі з рэгістрацыі за тое, што я ў сваёй агітацыйнай улётцы напісаў, што заробак работнікаў выканкаму ўжо дагнаў заробак працаўнікоў нафтаперапрацоўчага заводу. У выканкаме пасьля рамонту ўмовы працы значна лепшыя і непараўнальныя з умовамі на шмат якіх прадпрыемствах нашага Мазыра”.

Абласная камісія палічыла, што тэкст перадвыбарчых улётак спадара Целепуна ў “пэўнай меры носіць тэндэнцыйны характар, утрымлівае асобныя перадузятыя абагульненьні й высновы, але, разам з тым, адлюстроўвае пункт гледжаньня кандыдата ў дэпутаты” і ня супярэчыць Выбарчаму кодэксу.

Гэта першы ў рэгіёне прэцэдэнт, калі абласная камісія адмеяняе рашэньне ніжэйшай выбарчай камісіі.

Спадар Целяпун у сваю чаргу мяркуе, што тэрміновае пазбаўленьне яго рэгістрацыі было зьвязанае таксама з прызначанай сустрэчай выбарцаў зь ягонай даверанай асобай, экс-кандыдатам на прэзыдэнта Аляксандрам Мілінкевічам.

Цяпер такой сустрэчы няма чаго баяцца: Мілінкевіч да выбараў ужо ня зможа прыехаць у Мазыр.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG