Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежныя мэдыі пра аднаўленьне паставак нафты


Радыё Свабода “Расея аднавіла пастаўкі праз экспартны нафтаправод” – гэта адна з асноўных тэмаў паведамленьняў замежных мэдыяў.

Reuters цытуе словы віцэ-прэзыдэнта кампаніі “Транснефть” Сяргея Грыгор’ева, які адзначае, што Беларусь вярнула ў трубаправод 79 тысяч тонаў нафты. Перапампоўка нафты на Захад пачалася, паводле ягоных словаў, сёньня раніцай у 8 гадзінаў 22 хвіліны маскоўскага часу.

Беларуска-расейскі нафтавы канфлікт, гэтак жа, як і год таму расейска – украінскі, спрычыніліся да распрацоўкі новай стратэгіі энэргетычнай бясьпекі Эўропы, заўважае Washington Post. Краіны Эўразьвязу прынялі доўгатэрміновую праграму, мэта якой – зьніжэньне залежнасьці кантынэнту ад нафты й газу і ўвядзеньне новых абмежаваньняў на выкіды ў атмасфэру шкодных газаў, якія выклікаюць глябальнае пацяпленьне. Плян таксама прадугледжвае больш шырокае выкарыстаньне розных відаў біяпаліва, аднак, ня ўтрымлівае заклікаў да разьвіцьця атамнай энэргетыкі.

Аналітыкі амэрыканскай кампаніі Strategic Forecasting цьвердзяць, што беларускі крызыс дае новыя магчымасьці Нямеччыне. На думку экспэртаў кампаніі, крызыс можа прывесьці да нечаканага аб’яднаньня эўрапейскіх краінаў.

Strategic Forecasting падкрэсьлівае, што расейска-украінскім газавым крызысам Масква прадэманстравала заходнеэўрапейскім краінам, што толькі прарасейская ўлада ў Кіеве можа гарантаваць стабільнасьць паставак энэрганосьбітаў у Эўропу.

Беларусь, на думку аналітыкаў Strategic Forecasting, ня мае для Расеі такога значэньня, як Украіна. Аднак, празь Беларусь праходзіць значная частка экспарту энэрганосьбітаў, таму Расея падтрымлівала рэжым Аляксандра Лукашэнкі, які гарантаваў ёй бясьпеку паставак. У 2006 г. агульная частка датацый у галіне энэргетыкі дасягнула пяці мільярдаў даляраў. Менавіта тым, наколькі Расея залежыць ад Беларусі, можа гандляваць Лукашэнка, заўважае Strategic Forecasting. “Ён прадэманстраваў, што ягоная ляяльнасьць прадаецца, і на тле канфлікту з Масквой Лукашэнка можа паспрабаваць пасябраваць з Брусэлем або Вашынгтонам”, - мяркуюць аналітыкі Strategic Forecasting.

Гэта можа даць непрадказальныя цяпер вынікі, таму што крызыс падштурхоўвае эўрапейскія краіны да неабходнасьці выпрацаваць адзіную палітыку дачынна Расеі, прынамсі да шляхоў забесьпячэньня кантынэнту энэрганосьбітамі. У зьвязку з тым, што цяпер у Эўразьвязе старшынюе Нямеччына, канцлер Ангела Мэркель мае гістарычны шанец рэалізаваць нямецкія амбіцыі і стаць краінай, якая нарэшце аб’яднае кантынэнт, які будзе гаварыць у адзін голас, - прагназуе Strategic Forecasting.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG