Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чые галасы патрапяць ў фонаскапічны архіў міліцыі?


Алег Грузьдзіловіч, Менск Беларусь стане першай краінай у сьвеце, дзе зьявіцца сыстэма аўтаматычнага вызначэньня галасоў тэлефонных тэрарыстаў. Аднак шмат хто перакананы: насамрэч новаўвядзеньне узмоцніць палітычны зыск за так званымі “нядобранадзейнымі” грамадзянамі.

У Беларусі будзе наладжаны ўлік галасоў былых тэлефонных тэрарыстаў ды іншых асобаў, якія ў злачынных мэтах выкарыстоўваюць тэлефонную сувязь. Фонаскапічны архіў, калі яго далучаць да кампутарнай сеткі, дапаможа эфэктыўна змагацца з гэтымі злачынствамі, заяўляюць ў беларускай міліцыі. Адпаведныя электронныя праграмы ўжо распрацаваныя і неўзабаве будуць ўсталяваныя ў райаддзелах міліцыі буйных гарадоў, паведаміў намесьнік кіраўніка ўправы інфармацыі МУС Алег Сьлепчанка.

Сьлепчанка: “Гэта будзе працоўнае месца з пэўнай апаратурай і кампутарнай праграмай, якая прадугледжвае ўваход у базу галасоў і зьлічэньне зь ёй новага голасу”.

Паводле Алега Сьлепчанкі, выпадкі тэлефоннага тэрарызму здараюцца ўсё часьцей і наносяць вялікую шкоду гаспадарцы і грамадзянам. Міліцыянт адрынуў падазрэньні ў тым, што сыстэма фонаскапічнага ўліку будзе ужывацца супраць апазыцыі.

Сьлепчанка: “У нас міліцыя па-за палітыкай. Яна займаецца барацьбой са злачынствамі і аховай грамадзкага парадку”.

Між тым фактычна кожны зь вядомых беларускіх апазыцыянэраў можа расказаць, як яго праслухоўваюць спэцслужбы. Часта гэтага не хаваюць і ўлады. У 2002-м годзе вядомы расейскі палітык Барыс Нямцоў дапамагаў наладзіць сустрэчу лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Беларусі Анатоля Лябедзькі з уплывовым крамлёўскім чыноўнікам Уладзіславам Сурковым. Пра сустрэчу ўжо дамовіліся, але раптам беларускае тэлебачаньне працытавала размову Анатоля Лябедзькі з Барысам Нямцовым, запісаную праз так званую “праслушку”.

Лябедзька: “Яны ўкінулі гэтую інфармацыю, падняўся шум у расейскай прэсе, выглядала, што за сьпіной ўлады вядуцца перамовы, а тут ёсьць хаўрусьнік Аляксандр Рыгоравіч. У выніку мая сустрэча з Сурковым гэтак і не адбылася, і мяркую, гэта было іх галоўнай задачай”.

Вядомы беларускі апазыцыянэр Мікалай Статкевіч згадаў расповед былога кіраўніка савецкіх часоў Георгія Таразевіча, паводле якога ў 80-ыя гады мінулага стагодзьдзя сілаў КДБ хапала на адначасовае праслухоўваньне толькі аднаго-двух дзесяткаў чалавек. Зараз праслухоўваюць сотні чалавек, мяркуе Мікалай Статкевіч, і таму ён перакананы: кампутарны фонаскапічны ўлік наладжваюць для аблягчэньня тайнай працы спэцслужбаў.

Статкевіч: “Мяркую, мэта ўсяго гэтага -- палітычны вышук. Якія тэлефонныя тэрарысты, калі звычайна гэта падлеткі, галасоў якіх і ня будзе ў фанатэцы?! І гэта адзінкавыя выпадкі. Навошта марнаваць столькі грошай на кампутарныя праграмы, на ўсё абсталяваньне, калі лягчэй раз у год сапёрам прыехаць ў тую школу і ўсё праверыць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG