Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежны друк пра беларуска-расейскі энэргетычны канфлікт


Ганна Соўсь, Прага Сусьветныя мэдыі працягваюць камэнтаваць спыненьне паставак расейскай нафты праз тэрыторыю Беларусі ў Эўропу



Брытанская Daily Telegraph сёньня піша, што “пуцінскі шантаж не павінен застацца без адказу”. Ужо другі раз за год Пуцін перакрывае энэргетычныя пастаўкі ў Эўропу (мінулы раз праз Украіну). Статус ізгоя, які набыла Беларусь як таталітарны рэжым на чале з непрывабным Аляксандрам Лукашэнкам азначае, што заходнія дзяржавы ня кінуцца прымаць актыўны ўдзел у гэтай канкрэтнай спрэчцы. Брытанскае выведная супольнасьць ставіць парушэньне бясьпекі энэргетычных паставак на такі самы ўзровень пагрозы для сусьветнага парадку, як і “Аль-Каіда”.



Нямецкая Süddeutsche Zeitung сёньня піша, што “Масква губляе рэпутацыю з уласнай віны”. На прыпыненьне паставак расейскай нафты праз нафтаправод “Дружба” Міжнароднае энэргетычнае агенцтва адрэагавала абвінавачаньнямі на адрас Расеі, а таксама крытыкай заходнеэўрапейскай палітыкі. “Расея паводзіць сябе неналежным чынам. Не падыходзіць, каб цярпелі заходнеэўрапейскія спажыўцы нафты, калі паміж Расеяй і Беларусьсю ўзьнік эканамічны канфлікт. Нас ён ніяк ня тычыцца”, кажа намесьнік выканаўчага дырэктара агенцтва Уільям Рамсэй. “Праблемай, уласна, зьяўляецца не даступнасьць нафты цягам бліжэйшых дзён і тыдняў, а рэпутацыя Расеі як надзейнага партнэра, а таксама тыя абставіны, што Расея ня мае дастаткова магутнасьцяў для забесьпячэньня экспарту нафты”, лічыць Рамсэй.



Чэская газэта Lidove noviny піша, што раней стрымліваць незадаволенасьць насельніцтва Лукашэнку ўдавалася, у тым ліку, і дзякуючы датаванай энэргіі. Лукашэнка можа арыштоўваць апазыцыянэраў і кантраляваць СМІ, але схаваць цану нафты і газу ён ня ў стане. Ён ня зможа выстаяць у эканамічнай вайне з Расеяй, да якой эканоміка Беларусі цалкам прывязаная. Большасьць беларусаў, найхутчэй, нават не падазраюць аб расейскіх субсыдыях. Энэргетычны шок можа раскрыць ім вочы і прымусіць паглядзець на свайго правадыра ў іншым сьвятле. Такім чынам, ціск Расеі можа нарэшце адыграць і станоўчую ролю.



Амэрыканская Washington Times у рэдакцыйным артыкуле адзначае, што з падпісаньнем новага газавага пагадненьня і непазьбежным заключэньнем ня менш балючага пагадненьня аб нафце Лукашэнка сутыкаецца з пэрспэктывай неабходнасьці субсідыяваць тарыфы на энэргію для сваіх грамадзянаў у той час, як яго прыбытковая нафтаперапрацоўчая прамысловасьць, якая прадавала ў Эўропу прадукты перапрацоўкі таннай расейскай нафты, будзе прыносіць менш прыбытку. Верагодна, Лукашэнка вырашыць, што такой камбінацыі беларуская эканоміка ня вытрымае. Адзіным спосабам прадухіленьня хуткага эканамічнага крызысу стала б правядзеньне базавых рэформаў, аднак першыя дзесяць гадоў Лукашэнкі ва ўладзе паказваюць, што гэта малаверагодна. Паколькі Лукашэнка падзяляе адказнасьць за зрыў паставак нафты, Захад паставіцца да яго яшчэ больш варожа. Гэта значыць, што Беларусь будзе вымушаная гасіць жарсьці і аднаўляць дачыненьні з Расеяй, інакш ёй пагражае поўная палітычная ізаляцыя.



Амэрыканская International Herald Tribune піша, што беларуска-расейскі нафтавы канфлікт сьведчыць пра неабароненасьць Эўропы. “Відавочна, што праблемы, якія ўзьнікаюць у Расеі з суседнімі краінамі, ня зьнікнуць, - лічыць Клаудзія Кэмфэрт, кіраўніца энэргетычнага аддзелу Нямецкага інстытуту эканамічных дасьледаваньняў, -- У нас ужо было дастаткова трывожных сыгналаў пра тое, што Расея выкарыстоўвае свае энэргарэсурсы ў якасьці крыніцы палітычнага ўплыву”.

Аднак першая рэакцыя краінаў Эўразьвязу(за выключэньнем Польшчы) выглядае дастаткова спакойнай у параўнаньні зь леташнім абурэньнем, калі “Газпром” спыніў пастаўкі газу ва Ўкраіну. Гэтым разам краіны Эўразьвязу ня кінуліся абараняць аўтарытарнага прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG