Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кампрамісу ў расейска-беларускім нафтавым канфлікце пакуль няма


Валер Каліноўскі, Менск Учора ўвечары ў Маскве закончылася працоўная сустрэча міністра эканамічнага разьвіцьця і гандлю Расеі Германа Грэфа і першага віцэ-прэм’ера беларускага ўраду Андрэя Кабякова. Бакі абмяркоўвалі шляхі вырашэньня спрэчкі вакол мыта на пастаўку расейскай нафты ў Беларусь і транзыт яе ў Эўропу. З-за гэтага канфлікту трэці дзень спыненыя экспарт расейскай нафты ў шэсьць краін кантынэнту праз беларускі ўчастак нафтаправода “Дружба”.

Расейскі бок заявіў аб тым, што зусім ня лічыць учарашнюю 4-гадзінную гутарку перамовамі, а толькі рабочай сустрэчай прадстаўнікоў двух бакоў. Тут пазыцыя расейскага ўраду засталася жорсткай і нязьменнай. Яе беларускаму боку зноў заявіў расейскі міністар эканамічнага разьвіцьця і гандлю Герман Грэф:

Грэф: “Два крокі, якія павінны быць зробленыя з боку беларускага ўраду. Першае – гэты скасаваньня мыта на транзыт расейскай нафты, я падкрэсьліваю, расейскай нафты. Другое – гэта аднаўленьне транзыту ў краіны Эўропы”.

Спадар Грэф заявіў, што толькі пасьля выкананьня гэтых патрабаваньняў, расейскі бок можа пагадзіцца на перамовы і заклікаў беларускіх калег вярнуцца ў міжнародную прававую прастору. Пасьля гэтага спадар Грэф не выключае і разгляду пытаньня аб скасаваньні расейскага мыта на пастаўкі нафты ў Беларусь ў памеры 180 даляраў на тоне, з якога пачаўся канфлікт.

Адначасова расейскія ўлады рыхтуюцца да перамяшчэньня сваёй нафты ў Эўропу, мінаючы беларускую тэрыторыю, але пры гэтым не выключаюць, што давядзецца скараціць здабычу гэтай сыравіны, пакуль ёсьць праблемы з транзытам. Такая заява прагучала ўчора з вуснаў расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна. А з вуснаў спадара Грэфа прагучаў заклік адмовіцца ад спробаў дадатковых эканамічных санкцыяў з абодвух бакоў.

Афіцыйных камэнтароў беларускага боку мала. Сам віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў зь ніякімі заявамі не выступаў. Можа таму, што беларуская дэлегацыя далей знаходзіцца ў Маскве і, відаць, разьлічвае на працяг дыялёгу з расейскім урадам. Беларускі бок прывёз учора ў Маскву дадатковыя прапановы па вырашэньні спрэчнага пытаньня аб падзеле экспартнага мыта на беларускія нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай сыравіны,– паведаміў Свабодзе прэсавы сакратар прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандар Цімашэнка:

Цімашэнка: “Усё залежыць ад жаданьня абодвух бакоў ісьці насустрач адзін другому. Беларусь пастаянна прапаноўвае крокі насустрач. Галоўнае – каб былі крокі ў адказ”.

Тым часам ад імя неназванага чыноўніка з беларускага ўраду ўчора ўвечары быў распаўсюджаны камэнтар аб тым, што Расея фактычна ў аднабаковым парадку скасавала Дамову аб Мытным саюзе. Але найбольш выразнай была, відаць, заява дыктара першага канала БТ аб тым, што “дзеяньні Расеі апошнім часам уяўляюць наўпростую пагрозу сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі”. Але ў любым выпадку беларускі бок разьлічвае на працяг дыялёгу з расейскім урадам. Беларускі бок гатовы да перамоваў і можа іх пачаць у любы момант, як толькі расейскія калегі на гэта пагодзяцца, –заявіў у прыватнасьці першы намесьнік міністра эканомікі Беларусі Уладзімер Найдуноў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG