Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2007-ы прапануюць назваць Годам памяці ахвяр сталінізму


Белапан, Радыё Свабода Зацьверджаны склад грамадзкага суда па ацэнцы злачынстваў сталінізму ў Беларусі. Рашэньне было прынята 8 студзеня ў Менску на чарговым пасяджэньні грамадзкага аргкамітэта па ўвекавечаньні памяці ахвяр рэпрэсій перыяду сталінізму.

У склад грамадзкага суда ўвайшлі прадстаўнікі беларускай навукі і культуры, а таксама сьведкі і ахвяры трагедыі. Сярод іх - акадэмік Радзім Гарэцкі, пісьменьнік Васіль Якавенка, гісторыкі Ігар Кузняцоў і Леанід Маракоў, кінарэжысёр Уладзімір Колас, публіцыст Якаў Басін, былыя рэпрэсаваныя Зінаіда Тарасевіч і Уладзімір Раманоўскі. Колькасьць удзельнікаў грамадзкага суда члены аргкамітэта вырашылі не абмяжоўваць. Рашэньне суд мае намер вынесьці 27 кастрычніка гэтага года ў межах канферэнцыі "Злачынствы сталінізму ў Беларусі".

Грамадзкі аргкамітэт накіраваў зварот лідэрам асноўных канфесій і рэлігійных дэнамінацый з прапановай падтрымаць ініцыятыву грамадзкасьці аб''явіць гэты год Годам памяці ахвяр сталінскіх рэпрэсій, а 29 кастрычніка - Днём памяці ахвяр рэпрэсій у Беларусі.

Менавіта дзень 29 кастрычніка 1937-га году стаў чорным днём беларускай культуры. Уначы на 29 кастрычніка пачалася сэрыя расстрэлаў -- паводле зьвестак, якія яшчэ ўдакладняюцца , было зьнішчана каля ста прадстаўнікоў нацыянальнай інтэлігенцыі, сярод іх каля двух дзясяткаў паэтаў, пісьменьнікаў, публіцыстаў.

На думку У.Коласа, мерапрыемствы Года памяці найперш павінны быць ськіраваныя на тое, каб расплюшчыць вочы моладзі на сталінізм і яго наступствы. Як лічыць палітык Вячаслаў Сіўчык, у Дзень памяці ахвяр рэпрэсій у Беларусі аргкамітэт "павінен імкнуцца правесьці акцыі памяці на ўсіх вядомых месцах масавых расстрэлаў і пахаваньняў бязьвінных ахвяр перыяду 1920-1940-х гадоў".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG