Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы прыехалі на перамовы, Масква разглядае абыходны шлях


Валер Каліноўскі, Менск Як чакаецца, сёньня ў сталіцы Расеі пройдуць перамовы наконт урэгуляваньня канфлікту вакол расейскага мыта на пастаўкі нафты ў Беларусь і беларускіх транзытных тарыфаў на перамяшчэньне расейскай нафты ў Эўропу.

Учора гэты канфлікт прывёў да спыненьня працы нафтаправоду “Дружба”, ад чаго пацярпелі спажыўцы расейскай нафты ў Польшчы і Нямеччыне, а ў Эўразьвязе запатрабавалі тэрміновых тлумачэньняў і аднаўленьня паставак нафты.

Учора ж увечары ў Маскву тэрмінова выехала дэлегацыя беларускага ўраду на чале з першым намесьнікам міністра эканомікі Уладзімерам Найдуновым. Сёньня магчымы прыезд у Маскву і беларускага віцэ-прэм’ера Андрэя Кабякова. Але ў расейскім урадзе заявілі, што ніякія перамовы па нафтавай праблеме нерэальныя, пакуль беларускі бок не скасуе тарыф на транзыт расейскай нафты ў памеры 45 даляраў за тону. Расейскі бок лічыць гэты тарыф незаконным. Тым ня менш, у беларускім урадзе спадзяюцца, што перамовы ўсё ж пройдуць. Гаворыць прэсавы сакратар беларускага прэм’ера Аляксандар Цімашэнка:

Цімашэнка: “Не магу сказаць, на якім ўзроўні будуць перамовы, але будзем спадзявацца, што яны адбудуцца. Беларускі бок быў гатовы яшчэ да Новага году ўсё вырашыць”.

Расея абвінаваціла Беларусь у тым, што з 6 студзеня на яе тэрыторыі было выкрадзена 80 тысяч тон нафты, што і стала прычынай спыненьня расейскіх паставак нафты ў Эўропу.

Афіцыйнай рэакцыі ў Менску на гэтае абвінавачваньне няма, не адказваюць і прэсавыя сакратары асноўных ведамстваў Беларусі, якія ангажаваныя ў нафтавы канфлікт. Ёсьць рэакцыя неафіцыйная – першы канал Беларускага тэлебачаньня назваў гэтыя абвінавачваньні непаразуменьнем. А ў лісьце Гомельскай рэгіянальнай мытні кіраўніцтву расейскай кампаніі “Транснефть” было пазначана, што транспартаваная ёю нафта будзе вымацца ў сховішча РУП “Гомельтранснафта Дружба” як незадэкляраваная. Так што беларускі бок лічыць, што дзейнічае законна з нелегальна транспартуемай нафтай, лёс якой мае вырашыць суд. Аднак у расейскай кампаніі “Транснефть” разумеюць сытуацыю іначай. Гаворыць кіраўнік кампаніі Сямён Вайншток:

Вайншток : “Беларускі бок скасаваў заключаныя дамовы на ўласныя нафтаперапрацоўчыя заводы на студзень месяц. Чаму? Таму што яны меркавалі, што будуць рабіць гэтае выманьне нафты”.

Тым часам у Расеі кажуць пра форс-мажорныя абставіны і рыхтуюцца транспартаваць нафту праз Балтыйскую трубаправодную сыстэму. Беларускі бок заяўляе, што гатовы аднавіць пастаўкі хоць цяпер. Гаворыць намесьнік старшыні канцэрну “Белнафтахім” Уладзімер Волкаў:

Волкаў: “Прадпрыемства і тэхналягічна, і тэхнічна, і арганізацыйна гатова неадкладна аднавіць перапампоўваньне нафты, як толькі яно будзе адноўлена расейскім бокам. Кнопка ад помпы, якая павінна падаць нафту знаходзіцца ў Расеі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG