Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Замежная прэса – пра адстаўку варшаўскага архіепіскапа Вельгуса


Ганна Соўсь, Прага У нядзелю архіепіскап Варшаўскі Станіслаў Вельгус аб’явіў аб сваёй адстаўцы з прычыны сувязаў са спэцслужбамі пры камуністычным рэжыме. Ватыкан назваў рашэньне Вельгуса слушным, і папа рымскі Бэнэдыкт XVI прыняў ягоную адстаўку.

Аб адстаўцы Станіслаў Вельгус заявіў падчас урачыстай імшы, на якой ён павінен быў прыняць сан архіепіскапа Варшавы.

Заява Станіслава Вельгуса была сустрэтая неадназначна. Адны людзі крычалі: “Не”, “Заставайцеся з намі”, іншыя выкрыквалі “Ганьба!” Як піша брытанская газэта “Financial times”, потым Станіслаў Вельгус сядзеў, ледзь стрымліваючы сьлёзы, і яго падтрымліваў кардынал Ёзэф Глемп, які раней быў архіепіскапам Варшавы, і цяпер часова выконвае яго абавязкі.

Сьвяты пасад мяркуе, што абнародаваньне факту шматгадовага супрацоўніцтва Вельгуса з польскімі спэцслужбамі ў часы камуністычнага кіраваньня сапсавала аўтарытэт сьвятара. Сытуацыю камэнтуе прадстаўнік Ватыкану Фэдэрыка Лямбардзі:

Лямбардзі: “Праўда робіць нас свабоднымі, сказаў Ісус. Царква не баіцца праўды. Веруючы ў Бога, сябры царквы павінны прызнаваць свае памылкі. Мы спадзяемся, што ў Польшчы пераадолеюць складаны пэрыяд, і яна будзе ўносіць свой унёсак у служэньне Богу ў Эўропе і сьвеце”.

Прадстаўнік Ватыкану прадказвае, што, праўдападобна, гэта не апошні выпадак, калі камуністычныя паліцэйскія архівы будуць выкарыстаныя дзеля таго, каб дыскрэдытаваць сьвятароў. Пры гэтым Ламбардзі лічыць, што нельга забываць і пра тое, што гэтыя матэрыялы зробленыя функцыянэрамі рэпрэсыўнага рэжыму. А сёньняшняя “Guardian” піша, што адстаўка Станіслава Вельгуса стала найбольш скандальным прыкладам таго, як правацэнтрысцкі ўрад прыбірае камуністычных калябарантаў, і гэтую кампанію левыя ўжо назвалі “паляваньнем на ведзьмаў”.

Раней Царкоўны сьледчы камітэт заявіў, што існуюць шматлікія дакумэнты, якія сьведчаць аб тым, што Станіслаў Вельгус пагадзіўся таемна супрацоўнічаць з камуністычнымі спэцслужбамі. Дакумэнты былі знойдзеныя на мікрафільмах. Спэцыяльны аддзел польскіх спэцслужбаў займаўся царкоўнымі пытаньнямі, і прадпрымалася шмат намаганьняў, каб завэрбаваць сьвятароў, паколькі лічылася, што касьцёл зьяўляецца галоўным апанэнтам камуністычнай атэістычнай дыктатуры.

Вельгус раней адмаўляў факт супрацоўніцтва са спэцслужбамі, аднак пазьней прызнаў яго. Аднак ён сьцьвярджае, што не данасіў на іншых сьвятароў. Ён кажа, што “не выконваў ніякіх выведных заданьняў і ніколі нікому не зрабіў шкоды”. Станіслаў Вельгус гаворыць, што ён, як і любы іншы сьвятар, быў абавязаны сустракацца з агентамі спэцслужбаў, аднак польскія мэдыі абвінавачваюць яго ў тым, што ён супрацоўнічаў актыўней за іншых, і нібыта нават прайшоў “курс спэцпадрыхтоўкі”.

Папа рымскі Бэнэдыкт XVI прызначыў Станіслава Вельгуса архіепіскапам Варшаўскім летась у сьнежні. Перад каталіцкімі Калядамі Ватыкан распаўсюдзіў заяву, у якой гаварылася, што пантыфік ведае пра мінулае Вельгуса, і прызначэньне застаецца ў сіле.

Тым ня менш многія назіральнікі гавораць, што Ватыкан ня вывучыў дастаткова біяграфію Вельгуса перад тым, каб выставіць ягоную кандыдатуру на прэстыжную пасаду архіепіскапа Варшавы, піша “Financial times”.

Паводле розных ацэнак, ад 10 да 15 працэнтаў польскіх сьвятароў супрацоўнічалі са спэцслужбамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG