Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксей Іўчанка: “Белтрансгаз” каштуе ня меней 10-ці мільярдаў даляраў


Валер Каліноўскі, Менск Аляксей Іўчанка, былы кіраўнік кампаніі “Нафтагаз Украіны”, а цяпер старшыня падкамітэту па нафце і газу Вярхоўнай Рады, з асаблівай увагай сочыць за разьвіцьцём энэргетычнага канфлікту ў дачыненьнях Беларусі і Расеі. Летась самому спадару Іўчанку давялося весьці напружаныя перамовы з “Газпромам” пасьля адключэньня паставак расейскага газу ва Ўкраіну. Украінскі бок тады дамогся больш прымальных умоваў паставак газу, чым сёлета беларускі, – кошт газу для Украіны склаў тады 95 даляраў (для Беларусі сёлета 100), стаўка на транзыт – 1,65 даляра за перапампоўваньне 1000 кубоў газу на сто кілямэтраў (для Беларусі 1,45). Пры гэтым, тыя перамовы праходзілі пад траскучы мароз у мінус 20, а сёлетнія – пры плюсавай тэмпэратуры.

Пра тое, як ацэньвае спадар Іўчанка вынікі расейска-беларускага газавага крызісу, стан і кошт беларускіх трубаправодаў, ён распавёў у інтэрвію нашаму радыё.

Аляксей Іўчанка апошнія спробы беларускага ўрада ўрэгуляваць нафтавы крызыс увядзеньнем адмысловага мыта на транзыт расейскай нафты ў 45 даляраў успрыняў даволі зьдзіўлена. Украіна таксама зьбірае плату за транзыт нафты. Але памер яе на парадак ніжэйшы, прычым вылічваецца ён паводле ўзгодненай бакамі рынкавай формулы.

Іўчанка: “Тое, што Беларусь ня ўводзіла гэта раней, а зрабіла цяпер, сьведчыць, што Беларусь спачатку палітычна здалася Расеі, а потым, пасьля падпісаньня газавых пагадненьняў – і эканамічна. Тыя ж крокі, якія цяпер робяцца, як кажуць, наўздагон, – я ня думаю, што яны вельмі дапамогуць Беларусі. Трэба было гэта рабіць раней”.

Украіна ня мае асаблівых праблем з Расеяй у нафтавай галіне, кажа спадар Іўчанка. Праз Украіну транзытам ідзе каля 50 мільёнаў тон расейскай нафты ў год – у два разы меней, чым праз Беларусь. На думку спадара Іўчанкі, транзыт расейскай нафты праз Украіну можна было б павялічыць у два разы. Аднак сам ён ня схільны да такіх прапановаў, у адрозьненьне ад міністра паліва і энэргетыкі Ўкраіны Юрыя Бойкі, які ў пік беларуска-расейскага газавага процістаяньня прапанаваў Маскве павялічыць транзыт газу праз Украіну.

Іўчанка: “Я нэгатыўна ўспрыняў гэтую заяву, таму што суседзям заўсёды трэба дапамагаць, а ня шкодзіць. Тое, што заявіў Бойка, можна кваліфікаваць як тое, што ён дапамагае Расеі ціснуць на Беларусь.”

Спадар Іўчанка перакананы, што Беларусь і Ўкраіна павінны каардынаваць сваю транзытную палітыку. Паўтара гады таму спадар Іўчанка прапанаваў беларускаму боку падоўжыць у сябе нафтапровад “Адэса—Броды” і стварыць іншыя разьвязкі, але рэакцыя Менску была нэгатыўнай:

Іўчанка: “Беларусь заўсёды падыгрывала Расеі. А цяпер атрымала той урок, які мелі ад Расеі іншыя дзяржавы. Але калі Беларусь зробіць правільныя высновы з гэтага газавага ўроку, то, можа, у яе ёсьць нейкая пэрспэктыва ў гэтым пытаньні, але яна ўсё роўна будзе складанай, бо насамрэч Беларусь спазьнілася вельмі сур’ёзна”.

Ацэнка вынікаў беларуска-расейскага процістаяньня ў газавай сфэры ў спадара Іўчанкі адназначная:

Іўчанка: “Безумоўна, выйграла Расея. Беларусь прайграла шмат, бо згадзілася на высокую цану ў 100 даляраў і нізкую транзытную стаўку ў 1,45 даляра. Але самае галоўнае, што Беларусь аддала 50 адсоткаў стратэгічнай газатранспартнай сыстэмы, якая каштуе ня меней за 10 мільярдаў даляраў”.

Спадар Іўчанка кажа, што Беларусь цяпер чакаюць высокія кошты на газ і страта сваёй газатранспартнай сыстэмы, прычым раней, чым у 2010 годзе. Пры гэтым прыйдзецца аддаць Расеі ўсе акцыі “Белтрансгазу”, калі ня будзе чым разьлічвацца за паліва, лічыць спадар Іўчанка:

Іўчанка: “На жаль. І ўсё з-за таго, што Беларусь не заняла своечасова жорсткую пазыцыю ў гэтым пытаньні. Аляксандар Лукашэнка ўжо даўно патрапіў у залежнасьць ад Расеі. Я ня думаю, што ён сёньня сам у стане штосьці зрабіць. Калі яму дапамогуць суседзі і Эўропа, то можа ў яго і ёсьць шанцы, але вельмі цяжка…”

Паводле спадара Іўчанкі, беларускія газаправоды і нафтаправоды знаходзяцца ў добрым працоўным стане і пры нармальнай тэхнічнай падтрымцы могуць працаваць яшчэ дзясяткі гадоў, таму Беларусі варта трымаць іх у сваіх руках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG