Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым, паводле гарадзенцаў, скончыцца гандлёвая вайна Беларусі й Расеі?


Міхал Карневіч, Горадня Чым можа скончыцца беларуска-расейская гандлёвая вайна? На гэтае пытаньне адказвалі мінакі на вуліцах Горадні.

Спадар: “Расейцы, вядома, паводзяць сябе нахабна, але яны доўга так не пратрываюць, адступяць. А час працуе не на карысьць ані Расеі, ані Беларусі”.

Спадар: “Думаю, што Беларусь у гэтай сытуацыі пацерпіць і сёлета гэта вайна ня скончыцца. Хутчэй за ўсё, гэта працягнецца яшчэ год-два, магчыма, да 2010 г. Беларусі нанесены эканамічны ўдар, а Расея страціць свой імідж у сьвеце”.

Спадар: “Была дамова па цэнах на энэрганосьбіты, але Расея яе парушыла, і прэзыдэнт наш сказаў, што ўзровень рэнтабельнасьці продажу газу Расеяй Беларусі вышэйшы, чым Нямеччыне. Дык гэта ні ў якія рамкі не ўваходзіць”.

Дзяўчына: “Лічу, што шляхам перамоў бакі дасягнуць паразуменьня, і ўсё будзе добра. Нездарма ж такі стэрэатып існуе, што Расея наш брацкі народ”.

Спадарыня: “А я лічу, што ўсё гэта скончыцца дрэнна. Тое, што робіць Лукашэнка, выкліча назадавальненьне ў Захада, і канфлікты будуць працягвацца з Польшчай і іншымі”.

Спадарыня: “Гэты канфлікт, магчыма, хутка скончыцца, але на ім мы яшчэ раз пабачылі, як складана зрабіць адзіную дзяржаву. Думаю, гэта стане добрым прыкладам для будучых пакаленьняў. Магчыма, нам і ня трэба гэтай адзінай дзяржавы, хай адносіны будуць добрасуседзкімі, эканамічна выгоднымі”.

Спадарыня: “Расея паказала, як яна да нас ставіцца, як нас не паважае й ня любіць. Напэўна, зь імі даўно ўжо пара будаваць іншыя адносіны”.

Спадар: “Каб мы валодалі большай інфармацыяй, то можна было б зрабіць і нейкія высновы, а так...”

Спадар: “Ды ніколі гэта вайна ня скончыцца, бо Расея заўсёды імкнулася мець нас, як свой эканамічны прыдатак. Таму трэба зь іх браць і за транзыт і за ўсё іншае”.

Спадар: “Я думаю, у каго сыравіна, той і пан...”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG