Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча перамоваў з Расеяй па нафтавых пытаньнях


Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнікі беларускага ўраду сёньня заявілі пра жаданьне шляхам перамоваў урэгуляваць канфлікт з Расеяй наконт паставак і транзыту расейскай нафты.

Начальнік управы МЗС Беларусі Антон Кудасаў заявіў на прэсавай канфэрэнцыі, што беларускі бок гатовы ў любы час аднавіць перамовы аб падзеле экспартнага мыта на нафтапрадукты, вырабленыя ў Беларусі з расейскай сыравіны, з урадам РФ. Гэтая праблема сталася прычынай вострага нафтавага канфлікту паміж Менскам і Масквой.

Кудасаў: “Беларускі бок быў гатовы і гатовы хоць заўтра працягнуць перамовы з расейскімі партнэрамі ў пытаньнях паставак нафты ў Рэспубліку Беларусь, падзелу мытных пошлін, і перакананы, што мы абавязаныя разам з расейскімі калегамі прыйсьці да ўзаемапрымальнага вырашэньня гэтага пытаньня”.

Пры гэтым спадар Кудасаў зазначыў, што беларускі бок не зьбіраецца пераглядаць дамовы, падпісаныя раней з Расеяй наконт знаходжаньня ў Беларусі яе вайсковых аб’ектаў, як і іншыя міждзяржаўныя пагадненьні.

Намесьнік старшыні “Белнафтахіму” Уладзімер Волкаў прызнаў, што расейская нафта не паступае ў Беларусь з 1 студзеня, але пераходных запасаў сыравіны для беларускіх НПЗ, зробленых у мінулым годзе, хопіць да канца студзеня, што дазволіць беларускаму боку цягам месяца праводзіць перамовы з расейскімі калегамі ў больш спакойных умовах.

Волкаў: “Гэтыя пераходныя запасы нафты, якія ў нас адмыслова створаныя, яны традыцыйныя. Заводы ў нас загружаныя, і выказваю ўпэўненасьць, што яны будуць загружаныя і надалей. Нафтапрадукты на запраўках будуць. Прымаюцца і дадатковыя захады дзеля забесьпячэньня нафтай, вядуцца адпаведныя перамовы”.

Спадар Волкаў выказаў упэўненасьць, што выйсьце будзе знойдзенае, ніякай панікі ў ягоным канцэрне няма.

Намесьнік міністра юстыцыі Беларусі Ігар Тушынскі заявіў, што беларускі бок цалкам законна ўвёў збор за транзыт расейскай нафты ў памеры 45 даляраў за тону.

Тушынскі: “Сутнасьць гэтага збору – гэта кампэнсуючы захад, які закліканы папярэдзіць узьнікненьне дэфіцыту важнейшых энэргетычных тавараў на ўнутраным рынку, і які з’яўляецца захадам свайго роду ўзьдзеяньнем на зьнешнеэканамічную дзейнасьць”.

На пытаньне, што будзе рабіць Беларусь, калі расейскі бок ня будзе плаціць транзытны збор у 45 даляраў, ні спадар Тушынскі, ні іншыя ўдзельнікі прэсавай канфэрэнцыі канкрэтнага адказу не далі. Яны лічаць, што гэта некарэктнае пытаньне, што расейскі бок як добрасумленны партнэр будзе выконваць гандлёвыя ўмовы. Пра патэнцыйнае спыненьне транзыту расейскай нафты гаворка не вялася.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG