Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Казулін: “Рэпутацыя Беларусі збанкрутавала”


Алег Грузьдзіловіч, Менск Аляксандар Казулін прапануе стварыць урад народнага даверу на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Зьняволены палітык таксама пракамэнтаваў новае абвастрэньне газава-паліўнага канфлікту Беларусі й Расеі.

5 студзеня Аляксандар Казулін сустрэўся ў віцебскай калёніі са сваім адвакатам Ігарам Рынкевічам. Нагодай для сустрэчы сталі зьвесткі пра пагаршэньне здароўя палітыка, якога сваякі спрабуюць угаварыць пакласьціся ў турэмны шпіталь. Аднак Аляксандар Казулін па-ранейшаму адмаўляецца ад лячэньня ў турэмным шпіталі.

Паводле адваката, Казулін нагадаў пра лёс Генадзя Карпенкі ды іншых палітыкаў і заявіў, што не давярае прадстаўнікам дзяржаўнай мэдыцыны. “Дактары кажуць, што ў Казуліна на 20—30% павялічаныя некаторыя ўнутраныя органы, у яго ацёкавасьць ног і рук, але сам Казулін заяўляе, што адчувае сябе ўсё лепш”, — кажа Ігар Рынкевіч.

Паводле адваката, Аляксандар Казулін болей увагі надае палітычным пытаньням. У прыватнасьці, ён пракамэнтаваў чарговае абвастрэньне паліўнага канфлікту паміж Беларусьсю й Расеяй.

Рынкевіч: “Адносна расейска-беларускіх дачыненьняў ён сказаў, што рэпутацыя беларускага рэжыму як палітычнага і замежнаэканамічнага партнэра цалкам збанкрутавала — і цяпер гэта ўсім відавочна”.

Паводле адваката, Аляксандар Казулін настойвае на абмеркаваньні праблемы легітымнасьці Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Казулін настойвае на тым, што ўлада ў Беларусі нелегітымная, таму трэба тэрмінова стварыць урад народнага даверу. Зрабіць гэта Аляксандар Казулін прапануе на Кангрэсе дэмакратычных сілаў. Палітык заклікае не баяцца магчымых рэпрэсіяў супраць сяброў ураду народнага даверу, паколькі “такія рэпрэсіі будуць незаконнымі”.

Днямі Аляксандра Казуліна ў калёніі наведаў начальнік Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Уладзімер Коўчур. Паводле зьвестак, Аляксандар Казулін перадаў яму шэраг заўвагаў, якія тычацца паляпшэньня ўмоваў утрыманьня ў калёніі — не асабіста яго, а ўсіх вязьняў. Таксама Аляксандар Казулін дамогся, каб адміністрацыя калёніі прыняла ад ягоных сваякоў і знаёмых два тэлевізары й тэнісны стол.

Рынкевіч: “Усё гэта ахвяраваньні, якія застаюцца на балянсе калёніі”, — сказаў адвакат Ігар Рынкевіч.

Нагадаем, Аляксандар Казулін быў асуджаны на пяць з паловай гадоў зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганстве й арганізацыі вулічных беспарадкаў. Сваёй віны былы кандыдат на прэзыдэнта не прызнаў. Арганізацыя “Міжнародная амністыя” прызнала Казуліна вязьнем сумленьня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG