Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Белнафтахім” шукае пастаўнікоў нафты, не залежных ад Расеі


Валер Каліноўскі, Менск Працягваецца канфлікт паміж Расеяй і Беларусьсю пра ўмовы пастаўкі й транзыту нафты. Савет міністраў Беларусі апублікаваў пастанову, згодна зь якой зь 1 студзеня 2007 году пачынаецца мытнае афармленьне нафты, што ўвозіцца з Расеі й транзытам перамяшчаецца празь беларускія магістральныя трубаправоды. Парадак афармленьня мае вызначыць Мытны камітэт Беларусі, дэклярантам нафты прызнаная расейская кампанія “Транснефть”. Тым часам беларускія ўлады шукаюць альтэрнатыўныя крыніцы паставак нафты ў краіну.

Дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім” працуе без выходных. Паводле намесьніка старшыні канцэрна Ўладзімера Волкава, беларускія НПЗ працуюць з поўнай загрузкай на так званых пераходных запасах нафты, завезеных яшчэ летась. З 1 студзеня расейскую нафту Беларусь не купляе — яна занадта дарагая з улікам экспартнага мыта 180 даляраў.

Волкаў: “Нафтапрадукты вырабляюцца. Праблемы, якія ўзьнікаюць у сувязі з гэтым, апэратыўна вырашаюцца. Супрацоўнікі канцэрну, кіраўніцтва, урад робяць захады, каб і надалей не было ніякіх збояў у працы НПЗ”.

Тым часам кіраўніцтва канцэрну вядзе перамовы пра альтэрнатыўныя пастаўкі энэрганосьбітаў, паведаміў прэсавы сакратар кампаніі Віктар Азараў.

Азараў: “Ёсьць пратакол, які засакрэчаны, і гэтага пратаколу я раскрываць таксама не магу. Гэтыя пытаньні зьвязаныя з камэрцыйнай тайнай”.

Паводле спадара Азарава, штогоду Беларусь мае 1,8 мільёна тон уласнай нафты, яна задавальняе 10% патрэбаў краіны. Разьлічваць на інтэнсыфікацыю яе здабычы нерэальна.

Азараў: “У нас задача стаіць, каб стабілізаваць на гэтым узроўні. Бо ў асноўным засталіся цяжка здабываныя запасы. Таму трэба ўкладаць шмат сродкаў, каб падтрымліваць на гэтым узроўні. Няма з чаго нарошчваць”.

Беларускі ўрад даўно мусіў заняцца пошукам альтэрнатывы расейскім энэрганосьбітам, дывэрсыфікаваць пастаўкі нафты, лічыць незалежны нафтавы аналітык Тацяна Манёнак:

Манёнак: “Перш за ўсё размовы вяліся пра нафту з Казахстану, казахстанскія кампаніі былі вельмі зацікаўленыя пастаўляць нафту на перапрацоўку ў Беларусь. Нават ішла размова пра іхны ўдзел у мадэрнізацыі нашых НПЗ, але ім казалі, што нам сёньня гэта не патрэбна”.

Спадарыня Манёнак перакананая, што любая альтэрнатыўная нафта ня будзе заўважна таньнейшай за расейскую, а размовы пра нафту з Ірану й Вэнэсуэлы пакуль малапэрспэктыўныя.

Наколькі рэальная схема пастаўкі нафты з Азэрбайджану ў Беларусь і далей да Балтыкі праз Украіну? Пра гэта казалі ў Менску падчас візыту лідэра Азэрбайджану Ільхама Аліева? Меркаваньне былога кіраўніка “Нафтагазу Ўкраіны” Аляксея Іўчанкі:

Іўчанка: “Улічваючы нестабільныя погляды беларускага боку, шчыра кажучы, я ў гэты праект слаба веру. Я хутчэй веру ў такі праект праз Польшчу. Але калі Беларусь памяняе свае погляды і будзе іх прытрымлівацца, то, магчыма, яна стане партнэрам у гэтым праекце”.

Інтэрвію з былым кіраўніком “Нафтагазу Ўкраіны” Аляксеем Іўчанкам, які летась вёў перамовы з расейскім “Газпромам” пасьля адключэньня паставак газу ва Ўкраіну, слухайце ў нашым эфіры ў суботу. Пачуеце пра ягоныя погляды на вырашэньне расейска-беларускага газавага крызісу, ягоныя ацэнкі стану й кошту беларускіх трубаправодаў ды пра палітыку беларускага ўраду ў гэтай галіне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG