Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Тодар Лебяда (6.1.1914 — пач. 1970)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Бываючы ў нейкім горадзе, блукаючы па ягоных вуліцах, седзячы ў кавярні з кубкам “капучына” ці келіхам чаго мацнейшага, я маю завядзёнку згадваць зьвязаныя з гэтымі мясьцінамі імёны. У Віцебску сярод імёнаў больш гучных і знакамітых заўсёды выплывае і гэтае — Тодар Лебяда.

У дзяцінстве ён быў Пецем Шырокавым, якога суседзі ведалі як вечна галоднага сына правадніцы Насты, што вельмі рана пахавала мужа. Выбіцца з галечы было яго галоўнай мараю. У Менскім пэдагагічным інстытуце яе захінула іншая — стаць пісьменьнікам. Тодаравы вершы й нарысы пачалі зьяўляцца спачатку ў “Піянеры Беларусі”, потым і ў “ЛіМе”. Але, каб сапраўды ўвайсьці ў літаратуру, яму было наканавана прайсьці доўгі крыжовы шлях.

Разам з адзінаццацьцю іншымі студэнтамі — цэлая інстытуцкая група! — Тодара ў 1936-м арыштавалі за “буржуазны нацыяналізм”. Вярхоўны суд БССР літасьціва для таго часу адмераў яму “ўсяго” пяць гадоў Сібіры. Хочацца верыць, што жонкі ўсіх зьняволеных (калі ім, жонкам, самім пашчасьціла застацца на волі) дамагаліся тады перагляду справаў сваіх сужэнцаў. Тодаравай гэта ўдалося. Паэта прывезьлі ў Беларусь, дзе яго й засьпела вайна.

Вярнуўшыся ў родны Віцебск, ён рэдагаваў газэту “Беларускае слова”. Тады ж Лебяда напісаў п’есу “Загубленае жыцьцё”, якую некаторыя літаратуразнаўцы называюць першым антыбальшавіцкім творам беларускай драматургіі. (У 1943-м п’еса была пастаўленая Вячаславам Селяхам-Качанскім у Менскім гарадзкім тэатры, а ў 1952-м выйшла асобным выданьнем у Канадзе.)

У той час віленская газэта “Bielaruski holas”, якую рэдагаваў іншы драматург і таксама вязень савецкіх канцлягераў Францішак Аляхновіч, надрукавала сібірскія ўспаміны Лебяды-Шырокава. Асабліва кранаюць у іх згадкі аб прымусовых перасяленцах з “вызваленай” Заходняй Беларусі, якіх незьлічоныя эшалёны развозілі ў вагонах для скаціны па ўсёй Сібіры, кідаючы на вырак лёсу проста ў тайзе — часта з адной толькі пілой і сякерай на некалькі сем’яў.

“Часта паміраючая з голаду сям’я прыходзіла да нашага, асочанага плотам табарнага пункту й клалася на зямлю. “Вазьміце нас да зьняволеных,— прасілі яны ў варты,— там бадай паўтара літра вады з мукою даюць у дзень, а мы й тога ня бачым. Дзеці паміраюць, на літасьць Бога вазьміце”. Варта кольбамі стрэльбаў разганяла іх.

У 1944-м у Менску зьявіўся першы (і адзіны) паэтычны зборнік Тодара Лебяды “Песьні выгнаньня”, куды ўвайшлі ягоныя лягерныя вершы. Гэты факт біяграфіі быў улічаны на судзе ў 1947-м, калі ваенны трыбунал даў пісьменьніку 25 гадоў лягераў.

Мне лёсам вызначаны Гэтакі прымус. Аб шчасьці сёньня Можна сьніць і марыць. За тое, Што я толькі — беларус, Мне гэтакая кара!..
XS
SM
MD
LG