Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто зойме месца Беларусі ў транзыце расейскай нафты?


Ігар Карней, Менск Экспэрты называюць захады беларускага ўраду на абкладаньне мытам транзыту расейскай нафты беспрэцэдэнтнымі.

Цягам апошніх 10 гадоў дзейнічала адмысловая стаўка на транспартаваньне нафты, якая ў Беларусі вагалася ў межах 0,7 даляра за кожную тону. Іншымі словамі, гаворка пра аплату паслугаў, якія аказвала, да прыкладу, Гомельскае прадпрыемства ў транспарце нафты.

У розныя часы былі прапановы профільных міністэрстваў падвысіць тарыфную стаўку (яна раз-пораз карэктуецца ўсімі краінамі), аднак Аляксандар Лукашэнка ня йшоў насустрач чыноўнікам. Дзеля параўнаньня, транзытная стаўка на ўкраінскім участку нафтаправоду “Дружба” дагэтуль вагалася ў межах 5 даляраў за кожную тону.

Аднак з 1 студзеня ўкраінскі бок зьнізіў тарыф на ўчастку Саматлор–Броды да 3 даляраў за тону. Пра ўвядзеньне мытных пошлінаў ні ва Ўкраіне, ні ў краінах Балтыі, дзе дзейнічаюць няшмат большыя за ўкраінскія транзытныя тарыфы за абслугоўваньне, гаворкі не было.

Расея займае першае месца ў сьвеце ў экспарце прыроднага газу і трэцяе ў экспарце нафты. З улікам усё большай патрэбы ў энэргарэсурсах транспартаваньне газу й нафты ажыцьцяўляецца на адлегласьць да 4000 кілямэтраў ад радовішчаў.

Падчас экспарту ў замежжа 100% расейскага прыроднага газу і 82% нафты праходзяць транзытам праз трэція краіны. Так, дарогай да эўрапейскага спажыўца экспартаваныя нафта й газ перасякаюць васямнаццаць межаў, а доля транспартных выдаткаў у структуры іхнага канчатковага кошту складае ў сярэднім 20%.

У нафтавых пастаўках далей на Захад Расея мусіць па-ранейшаму арыентавацца на Беларусь і Ўкраіну. Аднак прыярытэт паўднёвай суседкі Беларусі акрэсьліваецца ўсё больш. Толькі ў межах праекту Адэса—Броды аб’ём прапампоўваньня нафты павялічаны больш чым на 5 мільёнаў тонаў — 9 мільёнаў замест 3,5. Прадугледжанае істотнае падвышэньне аб’ёмаў транзыту праз нафтаправод “Дружба”, а таксама рэанімацыя пагадненьня аб транзыце праз порт “Южный”.

Улады Ўкраіны лічаць: дасягнутыя з Расеяй дамоўленасьці прынясуць дзяржаве прыбытку на 100 мільёнаў грыўняў, а на тле ўскладненьня дачыненьняў Расеі зь Беларусьсю — магчыма, і болей.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG