Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне ў Горадні: “Рэзкага падвышэньня цэнаў народ ня вытрымае”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Якіх зьменаў вы чакаеце ў сваім жыцьці з-за росту цэнаў на газ? На гэтае пытаньне адказвалі гарадзенцы, зь якімі размаўляў наш карэспандэнт.

Спадарыня: “Пацерпяць найперш прадпрыемствы. Адзінае, што з падаражэньнем газу могуць узрасьці цэны на прадукцыю прадпрыемстваў, і гэта ўскосна, канечне, адаб’ецца на нас. Таму што з падаражаньнем любой прадукцыі павялічацца цэны ў крамах”.

Спадар: “Мабыць, давядзецца больш плаціць за камунальныя паслугі. І мне думаецца, што трэба таксама чакаць росту цэнаў. Пажывем — пабачым”.

Малады спадар: “Я спачатку думаў, што прачнуся 1 студзеня й не змагу разагрэць на пліце сьняданак, бо адключаць газ… То каб гэта здарылася, тады б я панікаваў. А так пакуль што ўсё ў парадку. Ну, ня ведаю, пабачым”.

Сталы спадар: “Канечне, мы баімся наступстваў, бо любая падвышка нам не патрэбная. Але зь іншага боку, я ня ведаю — што я зраблю, як з гэтым змагацца, каб не было падвышак?”

Спадар: “Я спадзяюся, што сытуацыя з газам будзе мець палітычныя вынікі. Бо павелічэньне цэнаў на газ, на энэрганосьбіты пацягне рух народу за дэмакратычнае грамадзтва. Пры дэмакратыі будуць праводзіцца эканамічныя рэформы, а без такіх рэформаў ня будзе жыцьця”.

Спадарыня: “Я думаю, што камунальныя плацяжы будуць расьці”.

Ейны муж: “Я лічу, што яны падаражэюць больш, чым толькі на 5% за год, як раней абяцалі ўлады”.

Спадар: “Улетку цэны папаўзуць уверх абавязкова. Да ліпеня, як скончацца ўсе запасы, падвышэньне будзе канкрэтнае. Газ газам, а вось як падаражэе нафта, дык будзе балюча ўсёй краіне. Кампэнсаваць гэта нейкімі ўнутранымі рэсурсамі немагчыма”.

Сябра: “Падаражэюць і паслугі, і харчы, і перавозкі”.

Спадар: “Найбольш падаражэе будаўніцтва. У абавязковым парадку будзе дэвальвацыя рубля. Курс даляра пачне рэзка расьці, улетку, я думаю, ён можа каштаваць каля 3 тысяч рублёў”.

Студэнт: “Цэны могуць падвысіцца. Я цяпер плачу за інтэрнат прыблізна 20 тысяч рублёў, а стыпэндыя — каля 100 тысячаў. Хутчэй за ўсё, за інтэрнат будуць вылічваць болей. Студэнт не жыве на стыпэндыю, а жыве на грошы бацькоў звычайна. Мае бацькі працуюць на заводзе апаратчыкамі”.

Спадар: “Гэта будзе паніжэньне заробкаў і падвышэньнене цэнаў, вось і ўсё”.

Сталы спадар: “Цэны падвысяцца адразу на ўсё: на будаўнічыя матэрыялы, па-першае, а таксама й на харчы, на камунальныя паслугі, натуральна. Але, напэўна, не адразу, а паступова. Рэзкага падвышэньня народ ня вытрымае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG