Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кандыдаты ў дэпутаты адлучаныя ад выбарнікаў


Радыё Свабода Многія кандыдаты ў дэпутаты Менскага гарсавету скардзяцца, што ўлады перашкаджаюць ім сустракацца з выбарнікамі. Існуе шмат прыкладаў, калі ў акрузе для сустрэчаў зь людзямі даюць толькі адно-два месцы. А выбарнікаў у акрузе больш як 20 тысяч.

У Савецкім і Цэнтральным раёнах Менску балятуюцца лідэры дзьвюх апазыцыйных партыяў — Вінцук Вячорка з БНФ і Анатоль Лябедзька з Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Спадар Лябедзька распавядае пра сваю акругу:

Лябедзька: “Гэта такая непавага да людзей. У мяне ў акрузе ёсьць толькі адно месца, дзе выбарнікі могуць сустрэцца са мною. Гэта школа №27 на вуліцы Крапоткіна. А на акрузе пражывае 23 тысячы чалавек. І адно месца на вуліцы — на плошчы Бангалор, дзе можна сустракацца. Усё астатняе забаронена. Ну, гэта, натуральна, дзікунства”.

Падобная сытуацыя і ў акрузе спадара Вячоркі:

Вячорка: “У маёй акрузе (а гэта ўвесь немаленькі Зялёны Луг) — ад Курапатаў, ад кальцавой дарогі да вуліцы Кальцова ўздоўж вуліцаў Мірашнічэнкі й Лагойскага тракту, калі хто ўяўляе. І вось на ўвесь гэты немаленькі густанаселены раён прапануецца адно месца — пасярэдзіне пустой бязьлюднай вуліцы Гамарніка каля нейкага спарткомплексу сустракацца зь людзьмі. А не каля ўнівэрсамаў, не каля прыпынкаў, не каля важных транспартных разьвязак”.

У раённых выбарчых камісіях спасылаюцца на тое, што існуе спэцыяльны сьпіс, які вызначае месцы правядзеньня сустрэчаў з выбарнікамі па ўсёй сталіцы. І ён зацьверджаны сумесным рашэньнем гарадзкіх выканкаму й выбарчай камісіі. Таму ў раёнаў няма паўнамоцтваў, каб нешта зьмяніць. Але ў гарадзкой камісіі кажуць, што канкрэтныя прапановы ішлі ад раёнаў:

Супрацоўнік: “Гэта вызначана раённымі выканкамамі й выбарчымі камісіямі. Яны вызначаюць месцы. Бо патрэбна, каб ахова была. Гэта ж вельмі сур’ёзная справа. І рашэньні прымаліся зьнізу. Таму там трэба і вырашаць”.

У гарадзкой камісіі падкрэсьліваюць, што ўсе кандыдаты, незалежна ад поглядаў, апынуліся ў аднолькавых умовах. Але палітоляг Аляксандар Класкоўскі лічыць, што па сутнасьці гэта ня так:

Класкоўскі: “Я б згадаў выказваньне Ўладзімера Леніна, які казаў, што фармальна ўсё правільна, а па сутнасьці — зьдзек. Ён, натуральна, казаў гэта зь іншай нагоды. Але гэта вельмі дапасуецца. Калі весьці гаворку пра праўладных кандыдатаў, дык на іх працуе адміністрацыйны рэсурс. Ім няма вялікай патрэбы дзесьці агітаваць, выступаць, бо яны ўпэўненыя ў выніку. Адрозна ад апазыцыйных кандыдатаў, якім трэба заявіць пра сябе, скарыстаць рэдкую магчымасьць для камунікацыяў з насельніцтвам. А тут атрымліваецца, што іх заганяюць у, так бы мовіць, нейкія рэзэрвацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG